Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для выканаўцаў і даследчыкаў музыкі Папа падчас аўдыенцыі для выканаўцаў і даследчыкаў музыкі 

Францішак да музыкантаў: быць выканаўцамі Евангелля

Быць выканаўцамі Евангелля і прыгажосці, аб’яўленай Айцом у Езусе Хрысце, - заклікаў Папа ўдзельнікаў III Міжнароднай канферэнцыі “Касцёл, музыка, выканаўцы: неабходны дыялог”.

Святы Айцец прыняў музыкантаў, кампазітараў, даследчыкаў на аўдыенцыі 9 лістапада 2019 г. у Ватыкане. У першую чаргу, ён заўважыў, што заданнем выканаўцы музыкі, з’яўляецца перадача задумы кампазітара, каб твор гучаў прыгожа і дасканала з мастацкага пункту гледжання.

“Добры выканаўца мае глыбокую пакору перад мастацкім творам, які яму не належыць”, - звярнуў увагу Папа. Ён падкрэсліў, што музыканты павінны пастаянна вучыцца і ўдасканальвацца, развіваць свой слых і таленты, каб умець несці прыгажосць музыкі, а ў літургічнай сферы, служыць супольнасці праз яе выкананне.

Паводле Святога Айца, музычны выканаўца мае шмат супольнага з даследчыкам Бібліі, з тым, хто чытае Божае слова, а ў больш шырокім сэнсе – з тымі, хто імкнецца інтэрпрэтаваць знакі часу, а яшчэ шырэйшым – з тымі, хто прымае іншых і слухае іх дзеля шчырага дыялогу, да чаго пакліканы ўсе.

“Кожны хрысціянін з’яўляецца выканаўцам Божай волі ў сваім жыцці, праз радасны спеў гімну хвалы і падзякі Богу. Праз гэты спеў Касцёл рэалізуе Евангелле ў барознах гісторыі. Панна Марыя зрабіла гэта ўзорным чынам у сваім “Магніфікаце”, а святыя спаўнялі Божую волю сваім жыццём і місіяй”, - нагадаў Папа.

“Мастак, выканаўца і – у выпадку музыкі – слухач, маюць аднолькавае жаданне: зразумець тое, што прыгажосць, музыка, мастацтва нясуць у сабе ад рэчаіснасці Бога. Зараз, магчыма, больш, чым калі-небудзь, людзі маюць у гэтым патрэбу. Інтэрпрэтацыя гэтай рэчаіснасці вельмі істотная для сённяшняга свету”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец падзякаваў сваім гасцям за даследаванне музыкі, асабліва літургічнай, і пажадаў “дзень за днём станавіцца лепшымі выканаўцамі Евангелля, выканаўцамі прыгажосці, якую Айцец аб’явіў нам у Езусе Хрысце, у праслаўленні, што выражае сыноўскую прыналежнасць да Бога”.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 лістапада 2019, 12:52