Пошук

Францішак скіраваў відэапасланне перад візітам у Японію

Пра амаральнасць выкарыстання ядзернай зброі і каштоўнасць міру нагадаў Папа ў відэапасланні да народу Японіі, якое скіраваў 18 лістапада 2019 г., за некалькі дзён да пачатку свайго візіту ў гэту краіну.

Лейтматывам паслання сталі словы дэвізу Апостальскага падарожжа: “Барані кожнае жыццё”. Святы Айцец заўважыў, што яны маюць асаблівую актуальнасць у наш час, у сувязі з пагрозамі мірнаму суіснаванню, на якія павінен адказаць свет.

Нагадваючы пра пакуты людзей, звязаныя з войнамі, пра якія цудоўна ведае японскі народ, Папа паўтарыў настойлівы заклік супраць выкарыстання ядзернай зброі.

“[Разам з вамі малюся, каб дыструктыўная сіла ядзернай зброі, больш ніколі не была вызвалена ў гісторыі чалавецтва. Выкарыстанне ядзернай зброі – амаральна]”

, - дадаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што менавіта “культура дыялогу, братэрства, асабліва паміж рознымі рэлігійнымі традыцыямі”, можа “дапамагчы пераадолець падзелы, паспрыяць павазе да годнасці чалавека і садзейнічаць інтэгральнаму развіццю ўсіх народаў”.

“[Маю надзею, што мой візіт падтрымае вас на незваротным шляху ўзаемнай павагі і сустрэчы, які вядзе да надзейнага і трывалага міру. Мір цудоўны тым, што калі з’яўляецца сапраўдным – ён незваротны, бо бароніцца з усіх сіл]”

, - сцвердзіў Францішак.

Папа нагадаў, што абарона жыцця прадугледжвае таксама абарону стварэння. Ён з радасцю заўважыў, што ў ходзе візіту ў Японію атрымае магчымасць ацаніць “вялікае прыроднае багацце” гэтай краіны, а таксама “выразіць агульнае жаданне абароны таго жыцця, якое ўключае зямлю, нашу супольны дом”, і якое цудоўным чынам сімвалізуецца ў японскай культуры квітненнем сакуры.

Францішак наведае Японію 23-26 лістапада 2019 г. Ён здзейсніць візіт у Токіа, Нагасакі і Хірасіму. Падарожжа адбудзецца ў 470-ю гадавіну прыбыцця ў Краіну ўзыходзячага сонца св. Францішка Ксаверыя, Апостала Японіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 лістапада 2019, 10:11