Японія: Папа сустрэўся з ахвярамі “трайной катастрофы”
Землятрус, цунамі і ядзерная аварыя закранулі Японію, асабліва прэфектуры Іватэ, Міягі і Фукусіма, восем гадоў таму – 11 сакавіка 2011 г. 21 тыс. асоб сталі іх ахвярамі.
Святы Айцец папрасіў маліцца за пацярпелых і падзякаваў уладам за дапамогу. “Гэтыя дзеянні не могуць спыніцца з часам і знікнуць пасля першапачатковага шоку, наадварот, мы павінны працягваць іх, падтрымліваючы ахвяр”, - сказаў Папа.
Францішак звярнуў увагу на неабходнасць пабудовы супольнасці, аб’яднанай на аснове салідарнасці, цярплівасці, настойлівасці і рашучасці ў гарантаванні будучыні нацыі. Ён падкрэсліў неабходнасць інтэгральнага падыходу да праблем, якія стаяць перад японскім грамадствам, і перш за ўсё ў пераадоленні абыякавасці.
Святы Айцец нагадаў думку японскіх біскупаў, якія пастулююць ліквідацыю АЭС. Ён адзначыў, што тэхналагічная парадыгма не можа быць меркай чалавечага прагрэсу, і заклікаў да “іншага бачання, якое дапаможа з большай павагай паглядзець на дар жыцця”.
Папа нагадаў, што нельга абмяжоўвацца чыста эгаістычнымі рашэннямі, а разважаючы пра будучыя пакаленні, трэба абраць “сціплы” і нават “суровы” лад жыцця. Ён указаў на спачуванне як на спосаб, “які дазволіць кожнаму знайсці надзею, стабільнасць і бяспеку ў будучыні”.