Пантыфік адведаў ватыканскі медпункт і прытулак для бедных
Візіт Папы стаў часткай штомесячнай ініцыятывы “Пятніцы міласэрнасці”, у рамках якой, пачынаючы з Юбілейнага Года Міласэрнасці, ён рэгулярна сустракаецца з людзьмі, найбольш патрабуючымі ўвагі, дапамогі і жэстаў салідарнасці.
Нягледзячы на моцны дождж і вецер, Пантыфік накіраваўся на плошчу св. Пятра, каб прывітаць работнікаў і пацыентаў “палявога шпіталя”, які быў адкрыты тут з нагоды Сусветнага дня бедных. Высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў ім штодзённа атрымліваюць сотні бедных, бяздомных, беспрацоўных і мігрантаў.
Францішак быў сустрэты гучнымі апладысментамі людзей, якіх агарнула вялікая радасць і здзіўленне па прычыне нечаканага візіту такога высокага госця. Папа асабіста прывітаў кожнага пацыента, а таксама медыцынскі персанал і валанцёраў. Ён звярнуў увагу на важнасць ініцыятывы, а завяршыў свой візіт кароткай супольнай малітвай.
Наступным пунктам “Пятніцы міласэрнасці” Святога Айца стала наведванне новага Цэнтру начнога і дзённага прабывання для бяздомных, які адкрыўся ў чатырохпавярховым палацы побач з плошчай св. Пятра.
Будынак быў узведзены ля каланады Берніні на пачатку ХІХ ст. заможнай сям’ёй Мільёры. У 1930 г. ён перайшоў ва ўласнасць Святога Пасаду. Да нядаўняга часу ў ім жылі манахіні, а некалькі тыдняў таму тут быў адкрыты прытулак, у якім могуць адначасова пражываць каля 50 чалавек. У цэнтры ёсць капліца, камп’ютарная і чытальная зала. Асобы, якія застаюцца тут на начлег, атрымліваюць сняданак і вячэру.
Францішак спажыў невялікі пасілак разам з бяздомнымі і валанцёрамі цэнтру, выслухаўшы іх сведчанні і падкрэсліўшы важнасць выхавання ў моладзі спагады да людзей, якія знаходзяцца ў нястачы. Аглядаючы памяшканні цэнтра і не хаваючы свайго ўражання, Папа заўважыў, што “прыгажосць аздараўляе”.