Пантыфік у Бангкоку: грамадству патрэбны будаўнікі гасціннасці
У прамове да палітыкаў Святы Айцец падзякаваў за магчымасць наведаць краіну, “багатую цудамі прыроды” і “старажытнымі духоўнымі і культурнымі традыцыямі”, сярод якіх асаблівае месца займае гасціннасць. Ён высока ацаніў мірнае суіснаванне паміж рознымі этнічнымі групамі ў Тайландзе.
Спасылаючыся на ролю, якую краіна адыгрывае ў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, Францішак заўважыў, што праблемы сучаснага свету – глабальныя, таму для іх вырашэння “патрэбны рашучыя высілкі ўсёй міжнароднай супольнасці і салідарнасць паміж народамі”.
“Наша эпоха пазначана глабалізацыяй, якую занадта часта разглядаюць у выключна эканамічна-фінансавых паняццях, схільных сціраць важныя рысы, што фарміруюць і ствараюць прыгажосць і душу нашых народаў...”, - папярэдзіў Папа. Ён ухваліў ініцыятыву ўлад Тайланда па стварэнні Камісіі па этычных і грамадскіх пытаннях, у склад якой увайшлі прадстаўнікі традыцыйных рэлігій краіны.
Гаворачы пра сваю сустрэчу з лідарам тайландскіх будыстаў, Папа падкрэсліў яе важнасць для “умацавання сяброўства і міжрэлігійнага дыялогу на карысць грамадскай гармоніі і будавання справядлівага, спагадлівага і інклюзіўнага грамадства”.
Пантыфік звярнуў увагу на ролю невялікай і актыўнай тайландскай каталіцкай супольнасці, якая цэніць мір і дапамагае многім людзям “вызваліцца ад ярма беднасці, насілля і несправядлівасці”. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў важнасць узаемнай адказнасці ў грамадстве і выкаранення няроўнасці – усе павінны мець роўны доступ да адукацыі, годнай працы, сферы аховы здароўя і пражытачнага мінімуму.
Святы Айцец падзякаваў Тайланду за клопат аб ахвярах сучаснага рабства, насілля і эксплуатацыі, за гасціннасць у адносінах да мігрантаў і бежанцаў. Ён заклікаў міжнародную супольнасць да адказнага і дальнабачнага вырашэння міграцыйнай праблемы і садзейнічання бяспечнай, законнай і ўпарадкаванай міграцыі.
Спасылаючыся на сёлетні юбілей Канвенцыі аб правах дзіцяці, Францішак заклікаў да абароны дзяцей, забеспячэння ім сацыяльнага, інтэлектуальнага, фізічнага, псіхічнага і духоўнага развіцця, доступу да адукацыі.
“Сёння грамадства нашых краін як ніколі патрабуе “будаўнікоў гасціннасці”, асоб, што клапоцяцца пра інтэгральнае развіццё ўсіх народаў у лоне чалавечай сям’і, якая імкнецца жыць у справядлівасці, салідарнасці і братэрскай гармоніі”, - сказаў Папа на заканчэнне прамовы. Ён заклікаў тайландцаў “служыць агульнаму дабру” і запэўніў іх у сваёй малітоўнай падтрымцы.