Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік у Хірасіме: сапраўдны мір можа быць толькі бяззбройным

Выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах – гэта злачынства не толькі супраць чалавека і яго годнасці, але супраць любой магчымасці будучыні на планеце, упэўнены Святы Айцец.

Увечары 24 лістапада 2019 г. у рамках Апостальскага падарожжа ў Японію Францішак прыбыў у Хірасіму, дзе наведаў Мемарыяльны парк міру – комплекс, размешчаны на тэрыторыі былой акругі Накадзіма, цалкам знішчанай у выніку ядзернай бамбардзіроўкі ў 1945 г.

Адтуль Святы Айцец скіраваў мірнае пасланне свету, у якім заклікаў міжнародную супольнасць “памятаць, ісці разам, ахоўваць”, адмовіўшыся ад ядзернай зброі і адкрыўшыся на надзею.

Папа прызнаўся, што “палічыў сваім абавязкам прыбыць у гэтае месца як пілігрым міру” і хацеў бы стаць голасам тых, хто застаецца невыслуханым і вымушаны з хваляваннем назіраць за ўзрастаючай напружанасцю і непрымальнай несправядлівасцю ў свеце, за няспынным выкарыстаннем зброі і няздольнасцю клапаціцца пра планету.

Святы Айцец у чарговы раз нагадаў, што выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах – гэта злачынства “не толькі супраць чалавека і яго годнасці, але супраць любой магчымасці будучыні ў нашым агульным доме”. Ён перасцярог, што за гэтае зло нас асудзяць будучыя пакаленні.

“Калі сапраўды жадаем будаваць больш справядлівае і надзейнае грамадства, мы павінны дазволіць, каб зброя выпала з нашых рук. (...) Сапраўдны мір можа быць толькі бяззбройным”, - сцвердзіў Францішак.

Памятаць, ісці разам і ахоўваць – вось тры маральныя імператывы, якія, на думку Папы, менавіта ў Хірасіме набываюць найбольш моцнае і ўніверсальнае значэнне і могуць распачаць шлях да міру.

“Мы не можам дазволіць, каб сучасныя і будучыя пакаленні страцілі памяць пра тое, што адбылося, памяць, якая з’яўляецца гарантам і стымулам для будаўніцтва больш справядлівай і братэрскай будучыні, (...) жывая памяць, якая дапамагае з пакалення ў пакаленне казаць: “Больш ніколі!” - заўважыў Святы Айцец. А для гэтага, перакананы Папа, трэба пераадольваць шлях разам, “з позіркам спагады і прабачэння”, усведамляючы ўзаемазалежнасць усяго і ўсіх на гэтай зямлі.

Ад імя ўсіх ахвяр ядзерных бамбардзіровак, атамных эксперыментаў і ўзброенных канфліктаў Францішак звярнуўся да Бога з просьбай спыніць войны і грукат зброі на планеце, каб там, дзе панавала разбурэнне, сёння шчодра разлівалася “надзея на тое, што напісаць і ажыццявіць іншую гісторыю магчыма”.

Пасля кароткага візіту ў Хірасіму Францішак на самалёце вярнуўся ў Токіа.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
24 лістапада 2019, 11:46