1574669664676.jpg

Папа на Імшы ў Токіа: прымайце жыццё з усёй яго недасканаласцю

Абвяшчэнне Евангелля Жыцця патрабуе ад нас як ад супольнасці ператварэння ў палявы шпіталь для залечвання ран і прапановы шляху прымірэння і прабачэння, - сказаў Папа вернікам Японіі.

25 лістапада 2019 г. Святы Айцец цэлебраваў Эўхарыстыю на гарадскім стадыёне ў Токіа з удзелам больш за 50 тыс. чалавек.

У гаміліі Францішак адзначыў багацце і прыгажосць сімвалізму “нагорнага казання” Езуса. Па яго словах, у Бібліі гара атаясамліваецца з месцам, дзе Бог аб’яўляецца і дазваляе сябе пазнаць. Аднак дасягнуць яе вяршыні немагчыма пасродкам “валюнтарызму ці кар’ерызму”, але толькі дзякуючы “ўважліваму, цярпліваму і далікатнаму слуханню Настаўніка пасярод раздарожжаў зямнога шляху”.

Пантыфік прызнаў, што падчас зямнога вандравання свабода дзяцей Божых можа сказіцца і аслабнуць па прычыне хцівасці, саперніцтва, засяроджанасці на эфектыўнасці і спажывальніцтве, памылковай упэўненасці ў тым, што гэта і ёсць крытэрый, які вызначае, кім мы з’яўляемся і чаго каштуем.

У такіх умовах, падкрэсліў Папа, словы Езуса гучаць “як гаючы бальзам”, заклікаючы нас вызначаць жыццёвыя прыярытэты з улікам сапраўды сутнасных і глыбокіх рэчаў: “Не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца” (Мц 6, 25); “шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам” (Мц 6, 33).

Як хрысціянская супольнасць, мы пакліканы абараняць кожнае жыццё і з мудрасцю і адвагай дэманстраваць удзячны і спагадлівы лад жыцця, прымаць жыццё з усёй яго ўразлівасцю і недасканаласцю, бо так рабіў Езус, - заключыў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 лістапада 2019, 12:48