Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: любоў і служэнне – супрацьяддзе ад эгаізму і падзелаў

У свеце, які перапоўнены эгаізмам і падзеламі, менавіта высакародны смак безумоўнай любові неабходны ў якасці супрацьяддзя, перакананы Святы Айцец.

8 лістапада 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю міжнароднай метадысцкай дабрачыннай арганізацыі “Армія збаўлення” (Salvation Army), якая служыць бедным у больш чым 130 краінах свету.

Пантыфік прызнаўся, што атрымаў свой першы ўрок экуменізму яшчэ ў маленстве менавіта сустракаючы членаў “Арміі збаўлення”. “Іх прыклад пакорнага служэння самым апошнім з нашых братоў і сясцёр кажа красамоўней за любыя словы”, - дадаў ён.

Папа прыгадаў словы былога кіраўніка арганізацыі пра тое, што “святасць пераўзыходзіць канфесійныя межы”. “Святасць, якая праяўляецца ў канкрэтных учынках дабра, салідарнасці і аздараўлення, прамаўляе да сэрца і сведчыць аб сапраўднасці нашага быцця вучнямі”, - заўважыў ён.

“[На фундаменце гэтага католікі і члены “Арміі збаўлення” могуць дапамагаць адно аднаму і супрацоўнічаць з усё большай і большай узаемнай павагай, у тым ліку ў жыцці святасцю]”

, - дадаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што супольнае сведчанне хрысціян у служэнні бедным можа быць сапраўднай евангельскай закваскай у свеце, але не толькі. “Бескарыслівая любоў, якая натхняе служэнне патрабуючым, гэта не толькі закваска, але таксама і водар хлеба, які толькі што вынялі з печы. Ён прываблівае і пераконвае. Асабліва моладзь мае патрэбу ў тым, каб адчуваць гэты водар, бо вельмі часта яго не хапае ў іх штодзённым жыцці”, - сказаў Папа.

“[У свеце, перапоўненым эгаізмам і падзеламі, менавіта высакародны смак безумоўнай любові патрэбны ў якасці супрацьяддзя і адкрывае дарогу трансцэндэнтнаму значэнню нашага існавання]”

, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец падзякаваў “Арміі збаўлення” за дзейнасць на карысць бяздомных і адрынутых грамадствам, асабліва ў Рыме, а таксама за працу ў сферы барацьбы з гандлем людзьмі і іншымі сучаснымі формамі рабства.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лістапада 2019, 12:23