Папа ў Нагасакі: кроў мучанікаў становіцца зернем новага жыцця
У гэты сумна вядомы горад Папа прыбыў раніцай 24 лістапада 2019 г., здзейсніўшы кароткі пералёт з Токіа. Пасля наведвання Парку міру, размешчанага на месцы эпіцэнтра выбуху атамнай бомбы 9 жніўня 1945 г., і звароту да свету з “антыядзерным” пасланнем Пантыфік накіраваўся да мемарыялу ў памяць аб мучаніцкай смерці, якую тут у 1597 г. прынялі хрысціянскія вернікі – св. Павел Мікі і 25 яго паплечнікаў.
Францішак выказаў перакананне, што “гэтая святыня гаворыць хутчэй пра жыццё, чым пра смерць”, і нагадаў, што св. Ян Павел II успрымаў гэтае месца не толькі як гару мучаніцтва, але “як сапраўдную Гару Благаслаўленняў, дзе мы можам спасцігнуць сведчанне асобаў, напоўненых Духам Святым, вольных ад эгаізму, камфорту і ганарыстасці. Таму што тут святло Евангелля заззяла ў любові, якая перамагла пераслед і меч”.
Святы Айцец выказаў думку, што Помнік мучанікам на пагорку Нісізака “абвяшчае Вялікдзень”, сведчыць пра тое, што апошняе слова належыць жыццю, а не смерці. Нягледзячы на цемру мучаніцтва і смерці, якой прасякнута гэтае месца, тут абвяшчаецца святло ўваскрашэння, “дзе кроў мучанікаў становіцца зернем новага жыцця, якое Хрыстус хоча дараваць усім нам”, сказаў Папа.
Ён падкрэсліў, што прыклад такой веры можа дапамагчы кожнаму аднавіць сваю адданасць місійнай справе, прысвечанай будаўніцтву культуры, якая б абараняла кожнае жыццё праз “мучаніцтва” “штодзённага маўклівага служэння ўсім людзям, асабліва найбольш патрабуючым”.
“Не будзем жа забываць любоў іх ахвяры! Няхай яна не застаецца ўсяго толькі слаўнай рэліквіяй подзвігаў мінулага, што добра захоўваецца і ўшаноўваецца ў музеі, але будзе памяццю і жывым полымем душы кожнага апостальства на гэтай зямлі, здольнай аднавіць і прымусіць няспынна палаць евангелізацыйную руплівасць. Няхай Касцёл у сучаснай Японіі, з усімі яго цяжкасцямі і надзеямі, адчувае сябе пакліканым штодня выслухоўваць пасланне, абвешчанае св. Паўлам Мікі з яго крыжа, і падзяляць з усімі людзьмі радасць і прыгажосць Евангелля, якое ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём”, - пажадаў Пантыфік.
Ён запрасіў усіх прысутных духоўна яднацца са шматлікімі мучанікамі XXI ст. – хрысціянамі, якія сёння ў многіх кутках свету пакутуюць з-за сваёй веры, і разам з імі ўзнімаць свае галасы ў абарону рэлігійнай свабоды і супраць любой формы маніпуляцыі рэлігіяй у інтарэсах палітыкі інтэгралізму і падзелаў, ідэалогіі нянавісці і сістэм празмернага заробку.
Пасля кароткіх разважанняў Францішак разам з прысутнымі вернікамі прамовіў марыйную малітву “Анёл Панскі”.