Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абнародаваны ліст Папы пра значэнне ясляў Божага Нараджэння

1 снежня 2019 г. быў абнародаваны Апостальскі ліст Папы “Admirabile signum”, прысвечаны значэнню ясляў Божага Нараджэння. Францішак падпісаў яго падчас візіту ў Грэча.

“Сузіранне сцэны Божага Нараджэння запрашае нас выйсці ў духоўны шлях, будучы прывабленымі пакорай Таго, які стаў чалавекам, каб сустрэць кожнага чалавека. Мы бачым, што Ён любіць нас аж да з’яднання з намі, каб таксама і мы маглі з’яднацца з Ім. Гэтым Лістом я хацеў бы падтрымаць прыгожую традыцыю нашых сем’яў, якія ў дні перад Божым Нараджэннем, робяць яслі, а таксама звычай устанаўліваць іх на месцах працы, у школах, шпіталях, турмах, на плошчах...”, - напісаў Папа.

Францішак заўважыў, што традыцыя стварэння святочных ясляў з’яўляецца выразам багатай народнай духоўнасці. Ён пажадаў, каб гэта практыка не знікала, а наадварот, каб была нанова адкрыта і набыла новае жыццё.

Звяртаючыся да гісторыі першых ясляў Божага Нараджэння, створаных св. Францішкам Асізскім у 1223 г. у Грэча, Папа нагадаў, што яны выканалі вялікую евангелізацыйную справу, бо дазволілі з вялікай прастатой прадэманстраваць прыгажосць нашай веры і дакрануцца да сэрцаў людзей.

Яслі выклікаюць вялікае захапленне і ўзрушэнне, бо паказваюць “ласкавасць Бога”, які стаў малым, як мы, стаў бедным, запрашаючы ісці за Ім па шляху пакоры, каб “сустракалі Яго і служылі Яму з міласэрнасцю ў найбольш патрабуючых братах і сёстрах”.

Папа звярнуў увагі на значэнне розных дэталяў традыцыйных ясляў: зорнае неба нагадвае, што Бог не пакідае нас нават у самыя цёмныя моманты, але аб’яўляецца ў іх і нясе сваё святло; руіны дамоў і старажытных палацаў, з’яўляюцца сімвалам “чалавецтва, якое ўпала”, але якое Езус прыйшоў “аздаравіць і аднавіць”; горы, рэкі, авечкі – прадстаўляюць усё стварэнне, якое ўдзельнічае ў свяце прыйсця Месіі; анёлы і камета – знак таго, што “таксама і мы пакліканы выйсці ў дарогу, каб дасягнуць гроты і пакланіцца Збаўцы”; фігуркі пастушкоў і беднякоў, нагадваюць, што “самыя малыя і бедныя здольныя заўважыць надыход Уцелаўлення”; а палац Ірада “застаецца ўдалечыні, закрыты, глухі да радаснай весткі”.

“Нараджаючыся ў яслях сам Бог пачынае адзіную сапраўдную рэвалюцыю, якая дае надзею і годнасць пазбаўленым спадчыны, маргіналізаваным: рэвалюцыю любові, рэвалюцыю ласкавасці”, - напісаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што ў яслі нярэдка ставяцца фігуркі персанажаў, якія здаецца не маюць ніякіх адносін да евангельскага апавядання. Гэта знак таго, “што ў новым свеце, якому даў пачатак Езус, ёсць месца для ўсяго, што чалавечае і для кожнага стварэння”. У сваю чаргу фігуркі прадстаўнікоў розных прафесій, прадстаўляюць “штодзённую святасць, радасць ад штодзённага стварэння надзвычайных рэчаў, калі Езус падзяляе з намі сваё боскае жыццё”.

Статуэтка Панны Марыі ў яслях, паводле Папы, гэта “сведчанне таго, як трэба з верай давяраць волі Бога”, а св. Юзаф – “ахоўнік, які не стамляецца абараняць сваю сям’ю”. У сваю чаргу фігурка Немаўлятка Езуса – гэта знак “непрадказальнага” Бога, які “пераўзыходзіць усе нашыя схемы”, прадстае ў вобразе дзіцяці, каб мы прынялі Яго ў свае рукі. У слабасці і ўразлівасці хаваецца Яго моц, якая ўсё стварае і перамяняе з любоўю, заўважыў Францішак.

Папа нагадаў, што ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана ў святочных яслях з’яўляюцца таксама фігуркі трох мудрацоў, якія вучаць нас, што “можна высці нават вельмі здалёк, каб дасягнуць Хрыста”.

“Яслі Божага Нараджэння – гэта частка прыемнага і важнага працэсу перадачы веры”: не важна як яны зроблены, але “важна, каб яны прамаўлялі ў нашым жыцці”, распавядаючы пра любоў Бога да нас, “Бога, які стаў дзіцяткам, каб сказаць нам наколькі Ён блізкі да кожнага чалавека, незалежна ад стану, у якім той знаходзіцца”, і каб сказаць, што “ў гэтым заключаецца шчасце”, - закончыў сваё пасланне Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 снежня 2019, 16:30