Пошук

Папа падчас сустрэчы з фондам "A Chance in Life" Папа падчас сустрэчы з фондам "A Chance in Life" 

Пантыфік: адукацыя дапамагае моладзі споўніць задуму Бога ў жыццi

Францішак нагадаў пра важнасць выхавання ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі, у цэнтры якой будзе знаходзіцца клопат пра чалавека і навакольнае асяроддзе.

9 снежня 2019 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў дабрачыннага фонда “A Chance in Life”, які займаецца адукацыйнымі і выхаваўчымі праектамі ў розных частках свету. Папа зазначыў, што вельмі важна даваць веды юнакам і дзяўчатам, каб яны маглі споўніць Божую волю ў сваім жыцці.

Францішак высока ацаніў імкненне арганізацыі да абнаўлення ў святле рэкамендацый, якія ўтрымліваюцца ў яго энцыкліцы “Laudato si’”, дзе гаворка ідзе пра “інтэгральную экалогію”, што прадугледжвае “развіццё чалавецтва і стварэння”.

“Вельмі важна вучыць новыя пакаленні актыўнай грамадзянскай пазіцыі, ставячы ў цэнтр чалавека, а ў той жа час і клопат пра навакольнае асяроддзе. Гэтым мэтам павінны служыць таксама тэхналагічныя інавацыі. Менавіта новыя пакаленні, калі маюць добрую матывацыю, могуць рэалізаваць іх, бо нарадзіліся і выраслі ў актуальным тэхналагічным кантэксце”, - сказаў сваім гасцям Папа.

Ля вытокаў дабрачыннага фонда стаяла дзейнасць каталіцкага святара ірландскага паходжання, мансеньёра Джона Патрыка Кэрала-Эбінга. З благаслаўлення Пія ХІІ у 1945 г. ён адмовіўся ад дыпламатычнай кар’еры і пачаў клапаціцца пра шматлікіх сірот і беспрытульных дзяцей, што зараблялі на жыццё жабрацтвам, цяжкой працай і дробным крадзяжам на вуліцах Рыма. Спецыяльна для іх святар заснаваў некалькі выхаваўчых цэнтраў, дзейнасць якіх грунтавалася на прынцыпе дзіцячага самакіравання і фармавання грамадзянскай адказнасці. Падобныя ініцыятывы распаўсюдзіліся па ўсёй Італіі і ахапілі каля 30 тыс. юнакоў і дзяўчат з неспрыяльных сацыяльных кантэкстаў. З цягам часу праект стаў рэалізоўваюцца ў многіх іншых краінах свету. З 2016 г. фонд называецца “A Chance in Life” – “Шанс у жыцці”.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 снежня 2019, 12:56