Пошук

1576058972625.jpg

Агульная аўдыенцыя Папы: мучаніцтва – паветра жыцця хрысціяніна

Павел быў не толькі евангелізатарам, поўным запалу, не толькі бясстрашным місіянерам сярод язычнікаў, які ствараў новыя хрысціянскія супольнасці, але і сведкам-мучанікам Уваскрослага, - падкрэсліў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі 11 снежня 2019 г. у Ватыкане, Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў. Ён засяродзіў увагу на пакутах, якія св. Павел спазнаў, прапаведуючы Евангелле ў Ерузалеме.

Францішак нагадаў, што там апостал сустрэўся з лютым пераследам. Гэты горад быў варожым у адносінах да яго, як раней быў варожым да Езуса. Калі Павел увайшоў у святыню, яго пазналі і хацелі забіць, але ён быў уратаваны ад смерці рымскімі жаўнерамі.

“Абвінавачаны ў навучанні супраць Закону і святыні, ён быў арыштаваны і пачаў сваю пілігрымку ў якасці вязня. Спачатку стаў перад Сінедрыёнам, потым перад рымскім пракуратарам Цэзарэі, а потым перад каралём Агрыпам. Лука звяртае ўвагу на падабенства паміж Паўлам і Езусам: абодвух ненавідзелі ворагі, абодва былі публічна абвінавачаны і прызнаны невінаватымі імперскімі ўладамі. Так Павел злучыўся з мукай свайго Настаўніка і яго мука стала жывым Евангеллем”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец распавёў, што перад агульнай аўдыенцыяй сустрэўся ў базыліцы св. Пятра з дэлегацыяй украінскіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з дыяцэзіі Мукачава. “Як моцна пераследавалі гэтых людзей! Колькі яны выпакутавалі за Евангелле! Але не адракліся сваёй веры. Яны з’яўляюцца прыкладам. Сёння ў Еўропе вельмі шмат хрысціян церпяць пераслед і прысвячаюць жыццё веры. Іх пераследуюць у “белых пальчатках” – пакідаюць на ўзбочыне, успрымаюць у якасці маргіналаў. Мучаніцтва – гэта паветра жыцця для хрысціяніна і для хрысціянскай супольнасці. Мучанікі заўсёды будуць сярод нас: гэта знак таго, што ідзём па шляху Езуса. Гэта благаслаўленне Пана, калі сярод Божага народа ёсць людзі, што даюць такое сведчанне мучаніцтва”, - сказаў Пантыфік.

Рэпартаж з Залы Паўла VI

Папа нагадаў, што Павел звярнуўся да караля Агрыпы з моцнай апалагетычнай прамовай, якая стала “плённым сведчаннем веры”. Апостал распавёў пра сваё навяртанне і пакліканне прапаведаваць сярод язычнікаў, каб “павярнуліся ад цемры да святла і ад улады сатаны да Бога”, каб праз веру ў Хрыста “атрымалі дараванне грахоў і спадчыну сярод асвячаных”. Ён паказаў, што прарокі і Майсей сведчылі тое ж, што і ён зараз: што “Хрыстус павінен быў цярпець і абвясціць, як першы сярод уваскрослых, святло народу гэтаму і язычнікам”.

“Гарачае сведчанне Паўла кранула сэрца караля Агрыпы, якому не хапіла толькі апошняга кроку. Кароль сказаў так: “Яшчэ крыху і пераканаеш мяне стаць хрысціянінам!”. Паўла прызналі невінаватым, але ён не мог быць вызвалены, бо звяртаўся да цэзара. Такім чынам, няспыннае падарожжа Божага слова працягнулася ў кірунку Рыма. Павел, закуты ў кайданы, апынуўся тут, у Рыме”, - нагадаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, з гэтага моманту кайданы Апостала Народаў з’яўляюцца знакам яго вернасці Евангеллю і сведчання, якое даў аб Уваскрослым.

“Павел вучыць нас трываласці перад абліччам выпрабаванняў і здольнасці глядзець на ўсё вачыма веры. Будзем прасіць Пана сёння, каб праз заступніцтва апостала ажывіў нашу веру і дапамог быць вернымі да самай глыбіні нашага хрысціянскага паклікання, паклікання вучняў Пана, місіянераў”, - завяршыў катэхезу Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 снежня 2019, 11:34