Пошук

1577222703645.jpg

Папа: Бог нарадзіўся бедным, каб здабыць нас багаццем любові

“Чалавецтва, Бог цябе любіць і дзеля цябе стаў чалавекам. Ты больш не самотнае!”, - сказаў Папа падчас св. Імшы, якую цэлебраваў у ноч Божага Нараджэння, 24 снежня 2019 г., у базыліцы св. Пятра.

У гаміліі Францішак заўважыў, што калі пастухі вартавалі ўначы свой статак “хвала Пана асвяціла іх”. Ён патлумачыў, што гаворка ідзе пра Божую ласку, якая нясе збаўленне ўсім людзям. “Але чым ёсць гэтая ласка? Гэта – боская любоў, якая змяняе жыццё, абнаўляе гісторыю, вызваляе ад зла, напаўняе мірам і радасцю. У гэтую ноч Божая любоў аб’явілася нам: гэта Езус”, - дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што прыйсце Бога ў свет называецца “ласкай”, каб паказаць нам, што яно было цалкам бескарыслівым. “У той час, калі тут, на зямлі, усё здаецца адпавядае логіцы “даваць, каб мець”, Бог прыходзіць бескарысліва. Яго любоў немагчыма выгандляваць: мы не зрабілі нічога, каб яе заслужыць, і не зможам ніколі за яе адплаціць”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Яго любоў – безумоўная, не залежыць ад цябе. Можаш мець памылковыя ідэі, можаш наламаць шмат дроў, але Пан не перастане цябе любіць. Як часта мы думаем, што Бог добры, толькі, калі мы добрыя, і што карае нас, толькі калі мы дрэнныя. Гэта не так. Ён працягвае нас любіць нягледзячы на грахі. Яго любоў не змяняецца, яна не крыўдлівая; верная, цярплівая”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Вось дар, які знаходзім на Божае Нараджэнне: мы са здзіўленнем адкрываем для сябе, што Пан – гэта ўся магчымая бескарыслівасць, уся магчымая цярплівасць. Яго хвала не асляпляе, Яго прысутнасць не палохае нас. Ён нараджаецца бедным ва ўсім, каб здабыць нас багаццем сваёй любові”

, - дадаў ён.

Францішак зазначыў, што ласка, гэта сінонім прыгажосці. “Сёння ноччу, у прыгажосці Божай любові мы адкрываем нанова таксама і нашу прыгажосць, бо з’яўляемся ўмілаванымі Бога. У дабры ці зле, здароўі ці хваробе, шчаслівыя ці смутныя, у Яго вачах мы з’яўляемся прыгожымі: не ў сілу таго, што робім, а ў сілу таго, кім мы ёсць. У нас прысутнічае нязмыўная прыгожасць, недатыкальная, незнішчальная, якая з’яўляецца сутнасцю нашага існавання. Сёння Бог нагадвае нам пра гэта, прымаючы з любоўю нашу чалавечнасць і робячы яе сваёй, “злучаючыся з ёй” назаўсёды”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, “вялікая радасць”, якая была абвешчана пастухам, гэта радасць “усяго народу”. У пастухах, якія дакладна не былі святымі, прысутнічаем таксама і мы, з нашай уразлівасцю і слабасцямі. Папа заклікаў як і яны пачуць заклік: “Не бойцеся!”. Трэба не згубіць давер і надзею і не лічыць, што час для любові ўжо згублены.

“Дарагія браты і сёстры, што рабіць перад абліччам гэтай ласкі? Толькі адно: прыняць дар. Перш чым ісці шукаць Бога, дазволім Яму шукаць нас. (...) Пытанне, якое ставіць нам Божае Нараджэнне, гучыць так: “Ці дазваляю Богу любіць мяне? Ці аддаюся Яго любові, якая прыходзіць, каб збавіць мяне?”

, - сказаў ён.

Пантыфік зазначыў, што “такі вялікі дар заслугоўвае вялікай удзячнасці”. “Сёння слушны дзень для таго, каб наблізіцца да табернакулюма, стаенкі, ясляў, і сказаць дзякуй. Прымем дар, якім ёсць Езус, каб затым стаць дарам, як Езус. Стаць дарам – значыць даць сэнс жыццю. Гэта лепшы спосаб, каб змяніць свет: мы змяняемся, Касцёл змяняецца, гісторыя змяняецца не тады, калі пачынаем хацець змяніць іншых, але саміх сябе, робячы з нашага жыцця дар”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Езус паказвае нам гэта сёння ноччу: Ён змяніў гісторыю, не прымусам ці сілай слоў, а дарам свайго жыцця. Ён не чакаў пакуль мы станем добрымі, каб любіць нас, але бескарысліва падарыў сябе нам”, - сказаў Папа.

“Таксама і мы, не будзем чакаць пакуль бліжні стане добрым, каб рабіць яму дабро, пакуль Касцёл стане дасканалым, каб любіць яго, пакуль іншыя людзі пачнуць паважаць нас, каб служыць ім. Пачнем самі. Вось, што значыць прыняць дар ласкі. А святасць, гэта нішто іншае, як захаванне гэтай бескарыслівасці”

, - дадаў ён.

Францішак распавёў легенду пра пастухоў, якія неслі да гроты, у якой нарадзіўся Езус, розныя дары. Сярод іх быў адзін бедны пастух, што прыйшоў з пустымі рукамі. У пэўны момант Марыя і Юзаф пачалі не даваць рады з шматлікімі падарункамі, асабліва Маці Божая, якая люляла Дзіцятка. Таму, калі заўважылі гэтага пастуха, папрасілі яго патрымаць Езуса.

“Гэты пастух, беручы Яго, зразумеў, што атрымаў тое, чаго не заслугоўваў – магчымасць трымаць самы вялікі дар у гісторыі. Ён глядзеў на свае рукі, тыя рукі, якія здаваліся яму пустымі: яны ператварыліся ў калыску Бога. Ён адчуў сябе любімым і пераадолеўшы сорам, пачаў паказваць іншым Езуса, бо не мог трымаць толькі для сябе гэты дар над дарамі”, - расказаў Папа.

“Дарагі брат, дарагая сястра, калі твае рукі здаюцца табе пустымі, калі лічыш сваё сэрца бедным любоўю, гэта ноч для цябе. З’явілася ласка Божая, каб заззяць у тваім жыцці. Прымі яе і заяснее ў табе святло Божага Нараджэння”, - закончыў гамілію Пантыфік.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
24 снежня 2019, 22:28