Пошук

1576425569454.jpg

Францішак узначаліў Эўхарыстыю для 7,5 тыс. філіпінцаў

Папа ўзначаліў 15 снежня 2019 г. св. Імшу для філіпінцаў, якія пачалі Сімбанг Габі – навэну адвэнтавых Эўхарыстый, рыхтуючыся да Божага Нараджэння.

У гаміліі Францішак даручыў філіпінскім мігрантам “адмысловую місію”: каб іх вера стала закваскай у парафіяльных супольнасцях, да якіх яны зараз належаць. Ён звярнуў увагу, што, хоць “збаўленне прапанавана ўсім”, Езус “праяўляе асаблівую прыхільнасць да самых уразлівых, слабых і бедных членаў свайго народа”. А паколькі па-ранейшаму шмат людзей застаюцца на “экзістэнцыяльнай перыферыі”, хрысціяне павінны стаць інструментам міласэрнай любові Бога да іх.

Францішак адзначыў, што час Адвэнту рыхтуе нас да “новага сашэсця Божай ласкі” праз “цуд Божага Нараджэння”. Гэтаму служаць розныя традыцыі і пабожныя практыкі, якія з’яўляюцца багаццем мясцовых Касцёлаў. Адна з іх – Сімбанг Габі, якая дзякуючы філіпінскім эмігрантам дасягнула іншых краін. Ёй, - растлумачыў Папа, - мы хочам прадэманстраваць “Божую любоў і пяшчоту да кожнага, асабліва да апошняга”. “Заставайцеся пераказчыкамі веры!” – пажадаў Францішак удзельнікам св. Імшы.

Традыцыя Сімбанг Габі прысутнічае на Філіпінах з XVII ст. Работнікі не маглі прыйсці ў касцёл днём, паколькі працавалі, таму Эўхарыстыю пачалі цэлебраваць яшчэ да світання. Па сённяшні дзень літургія, эквівалент нашых Раратаў, адпраўляецца паміж 3.00 і 5.00 раніцы.

Адвэнтавыя Імшы для філіпінцаў раней ужо адбываліся ў базыліцы св. Пятра, але ўпершыню літургію, на якой прысутнічалі 7,5 тыс. чалавек, узначаліў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 снежня 2019, 11:51