Францішак і Генеральны сакратар ААН запісалі сумесны відэазварот
“Мы не можам, мы не павінны адварочвацца ў іншы бок перад абліччам несправядлівасці, няроўнасці, скандалу голаду ў свеце, беднасці, смерці дзяцей ад недахопу вады, ежы, патрэбнай медыцынскай дапамогі”, - гаворыцца ў відэапасланні.
Святы Айцец і Генеральны сакратар ААН заклікалі не адварочвацца ў іншы бок перад абліччам рознага роду злоўжыванняў адносна непаўналетніх. “Мы павінны разам змагацца з гэтай бядой”, - сказалі яны.
У відэазвароце гучыць заклік не закрываць вачэй на праблемы людзей, якія па прычыне канфліктаў, насілля, кліматычных змен, “пакідаюць свае землі і часта адпраўляюцца насустрач сумнаму лёсу”, не заставацца раўнадушнымі перад абліччам нападаў на чалавечую годнасць, на жыццё ненароджаных дзяцей і людзей, якія патрабуюць дагляду.
, - сцвердзілі яны.
Пантыфік і Генсек ААН асудзілі войны, а таксама заклікалі да дыялогу паміж людзьмі і народамі, да выкарыстання шматбаковай дыпламатыі дзеля будавання лепшага свету, да прызнання адно аднаго членамі адзінага чалавецтва, да клопату пра навакольнае асяроддзе, чаму павінна садзейнічаць змяншэнне шкодных выкідаў у атмасферу і інтэгральная экалогія.
“Пачуем голас шматлікіх маладых людзей, якія дапамагаюць нам усвядоміць тое, што адбываецца сёння ў свеце, і просяць нас стаць сейбітамі міру і будаўнікамі – разам, а не ў адзіночку – больш чалавечнай і справядлівай цывілізацыі. Няхай Божае Нараджэнне сваёй сапраўднай прастатой нагадвае пра тое, што любоў – гэта тое, што па-сапраўднаму каштоўнае ў жыцці”, - закончылі сумесны відэазварот Папа і Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.