Францішак: якасці працы спадарожнічае якасць адносін
Прыгадваючы свой нядаўні візіт у Тайланд, Францішак заўважыў, што сустрэў там “надзвычайную ветлівасць”. Гэта прымусіла яго задумацца пра значэнне ўсмешкі, як выразу любові і пачуццяў, уласціваму чалавеку. Ён прывёў у прыклад рэакцыю чалавека, які хоча выклікаць усмешку на твары дзіцяці, а таксама ўзгадаў колькі эмоцый нараджаецца, калі дзіця ўсміхаецца ў адказ.
“Так адбылося паміж Марыяй, Юзафам і Езусам. Панна і Яе жаніх сваёй любоўю выклікалі ўсмешку на вуснах іх нованароджанага Сына. І калі гэта адбылося, іх сэрцы напоўніліся новай радасцю, што паходзіла з Неба!”, - сказаў Папа. Паводле яго, Езус – гэта ўсмешка Бога, таму што Ён прыйшоў, каб прынесці любоў Нябеснага Айца. Францішак запрасіў разглядзець гэту ўсмешку ў каляднай стаенцы.
Звяртаючыся да працы ў Ватыкане, Пантыфік заўважыў, што таксама і тут ёсць патрэба ў абнаўленні і ачышчэнні сэрца, якое магчыма дзякуючы ўсмешцы Езуса і Яго дабрыні.
“Гэта праўда, што праца ёсць праца, і існуюць іншыя месцы і моманты для таго, каб выразіць сябе больш поўна і багата. Але праўда і тое, што на працоўным месцы мы праводзім большую частку нашага дня. Мы перакананыя, што якасць працы суправаджаецца якасцю чалавечых адносін і стылю жыцця. Гэта асаблівым чынам датычыць нас, тых, хто працуе, служачы ў імя Хрыста Касцёлу”, - сцвердзіў ён.
Папа пажадаў супрацоўнікам ватыканскіх структур шчаслівых святаў і папрасіў пераказаць яго віншаванні блізкім, асабліва хворым і пажылым.