Пошук

1576660164592.JPG

Францішак: заўсёды важна зрабіць святочныя яслі дома

Святочныя яслі нагадваюць пра блізкасць Бога і запрашаюць Яго ўвайсці ў наша жыццё, - заўважыў Пантыфік 18 снежня 2019 г. падчас агульнай аўдыенцыі.

Святы Айцец адзначыў, што самым простым спосабам падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння з’яўляецца стварэнне ясляў. Ён нагадаў, што нядаўна быў у мястэчку Грэча, дзе св. Францішак Асізскі ўпершыню ў гісторыі зрабіў стаенку. Там Папа падпісаў Апостальскі ліст, які прысвяціў значэнню гэтай традыцыі.

“Насамрэч, яслі, гэта “жывое Евангелле”. Яны нясуць Евангелле туды, дзе жывуць людзі: у дамы, школы, турмы, на плошчы. У месцах нашага пражывання яны нагадваюць пра самае важнае: што Бог не застаўся нябачным на Нябёсах, але прыйшоў на Зямлю, стаў чалавекам. Бог заўсёды быў блізкім да свайго народу, але пасля ўцелаўлення стаў асабліва блізкім. Майстраваць яслі – значыць святкаваць блізкасць Бога, адкрыць па-новаму, што Бог – рэальны, канкрэтны, жывы і датыкальны. Ён з’яўляецца не далёкім панам ці бесстароннім суддзёй, але пакорнай Любоўю, якая сышла да нас”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, Дзіцятка ў яслях кажа пра Божую пяшчоту, а Яго распасцёртыя рукі – пра жаданне Бога абняць усё чалавецтва. “Цудоўна прыйсці да ясляў і даверыць Богу жыццё, паразмаўляць з ім пра людзей і сітуацыі, якія носім у сэрцы, падвесці разам з Ім вынікі году, які завяршаецца, падзяліцца з Ім чаканнямі і турботамі”, - заўважыў Папа.

Пантыфік нагадаў, што, калі нарадзіўся Езус, Марыя і Юзаф мелі ў сэрцы не толькі радасць, але і страх, бо дзіця прыйшло на свет у беднасці.

“Таксама і мы можам запрасіць Святую Сям’ю ў нашы дамы, дзе ёсць радасць і турботы, дзе штодзённа прачынаемся, дзе спажываем ежу і спім побач з самымі дарагімі людзьмі. Яслі – гэта хатняе Евангелле. Слова “яслі” літаральна значыць “кармушка”, а горад ясляў, Бэтлеем – гэта “Дом хлеба”. Кармушка і Дом хлеба: яслі, якія ставім дома, дзе дзелімся ежай і любоўю, нагадваюць, што Езус – гэта пасілак, хлеб жыцця. Гэта Ён сілкуе нашу любоў, гэта Ён дорыць нашым сем’ям сілу, каб ісці далей і прабачаць адно аднаго”, - падкрэсліў Францішак.

Рэпартаж з Залы Паўла VI

Паводле Папы, яслі Божага Нараджэння вучаць спыняцца і знаходзіць час для сузірання, што асабліва патрэбна ў кантэксце сучаснага хуткага жыццёвага рытму.

“Яны нагадваюць нам пра важнасць затрымання, бо толькі калі ўмеем суцішыцца, можам зразумець, што па-сапраўднаму важнае ў жыцці, толькі калі пакінем за дзвярыма шум свету, адкрыемся на слуханне Бога, Які прамаўляе ў цішыні. Яслі – вельмі актуальныя для кожнай сям’і. Учора мне падарылі маленькую выяву незвычайных ясляў. Яны называліся “Дазволім маці адпачыць”. У іх была фігурка Маці Божай, якая спіць, і св. Юзафа, які кладзе спаць Дзіцятка. Колькі з вас, мужоў і жонак, вымушана чуваць у ночы па чарзе пры дзіцятку, якое плача. “Дазволім маці адпачыць” – гэта пяшчота сям’і, сужэнства...”, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што святочныя яслі з’яўляюцца таксама актуальнымі ў свеце, дзе вырабляецца вялікая колькасць зброі і існуе насілле. “Яслі – гэта вобраз міру, зроблены сваімі рукамі. Таму яны – жывое Евангелле”, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што святочныя яслі кажуць пра сэнс жыцця. У іх можна ўбачыць фігуркі пастухоў з авечкамі, каваля, млынара. Часам ствараюцца краявіды і сцэны, уласцівыя тым ці іншым рэгіёнам.

“Гэта слушна, бо яслі нагадваюць нам, што Езус прыходзіць у наша канкрэтнае жыццё. Гэта заўсёды важна: зрабіць маленькія яслі дома, бо гэта напамін пра тое, што Бог прыйшоў да нас, нарадзіўся паміж намі, суправаджае нас у жыцці, стаў чалавекам, як мы. У штодзённым жыцці мы не самотныя – Ён жыве з намі. Ён не змяняе сітуацыі магічным чынам, але, калі прымаем Яго, усё можа змяніцца. Жадаю вам, каб стварэнне ясляў стала нагодай для запрашэння Езуса ў жыццё”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што калі запрашаем Хрыста ў жыццё, яно адраджаецца і мы нараджаемся нанова. “А калі жыццё адраджаецца, гэта і ёсць сапраўднае Божае Нараджэнне”, - сцвердзіў Францішак, жадаючы ўсім: “Вясёлых святаў!”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 снежня 2019, 11:54