Кардынал Паралін на адкрыцці новага філіяла “Bambino Gesù”
Цырымонія прайшла 11 снежня 2019 г. з удзелам кардынала Дзяржасакратара Пьетра Параліна. Ён благаславіў новыя памяшканні і запэўніў супрацоўнікаў і пацыентаў у блізкасці і малітве Святога Айца, нагадаўшы пра нядаўнюю аўдыенцыю, прымеркаваную да 150-годдзя “Bambino Gesù”. Папа лічыць падтрымку дзейнасці бальніцы важнай часткай сваёй місіі і жадае, каб яе развіццё дапамагала ўсё лепш і лепш служыць дзецям і іх сем’ям, - заўважыў іерарх.
У двухпавярховым будынку плошчай 4 тыс. квадратных метраў, адрэстаўраваным пры фінансавай падтрымцы італьянскага банка “Intesa Sanpaolо”, будуць, між іншым, лячыць дзяцей з рэдкімі хваробамі і псіханеўралагічнымі захворваннямі, праводзіць дародавую дыягностыку, эмбрыянальныя і перынатальныя кардыялагічныя даследаванні. Тут будуць дзейнічаць два новыя цэнтры для дапамогі дзецям з разладам аўтыстычнага спектра і анарэксіяй.
“Bambino Gesu” быў заснаваны ў 1869 г. для лячэння бедных дзяцей і стаў першай дзіцячай клінікай у Італіі. У 1924 г. быў перададзены пад кіраванне Святога Пасаду і асабісты патранат Папы. Цяпер бальніца з’яўляецца вядучай педыятрычнай установай Італіі і адным з лепшых цэнтраў дзіцячай транспланталогіі ў Еўропе.