Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік скіраваў пасланне да Мадрыдскай канферэнцыі па клімаце

Дзеянні дзяржаў па змякчэнні кліматычных змен далёкія ад неабходных для дасягнення мэт, пастаўленых Парыжскім пагадненнем, - гэта адзначыў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў Канферэнцыі ААН па клімаце.

Францішак бачыць неабходнасць у “стымуляванні пераходных працэсаў, трансфармацыі цяперашняй мадэлі развіцця, заахвочвання салідарнасці і стварэнні моцных сувязей паміж барацьбой са змяненнем клімату і беднасцю”.

Ён падтрымаў экалагічныя ініцыятывы, якія ажыццяўляюцца ўрадамі і мясцовымі супольнасцямі, прыватным сектарам, грамадзянскай супольнасцю і асобнымі людзьмі, але адзначыў неабходнасць інвеставання большых рэсурсаў. “З гэтага пункту гледжання мы павінны сур’ёзна спытаць сябе, ці існуе палітычная воля, каб сумленна, адказна і смела выдзяляць больш чалавечых, фінансавых і тэхналагічных рэсурсаў для змякчэння негатыўных наступстваў змянення клімату, а таксама для таго, каб дапамагчы бедным і найбольш уразлівым народам, што найбольш пакутуюць ад іх”, - адзначыў Папа.

Францішак спаслаўся на даследаванні, якія “паказваюць, што глабальнае пацяпленне па-ранейшаму можна абмежаваць”, але “для гэтага нам неабходна выразная, дальнабачная і моцная палітычная воля, накіраваная на новы курс, які прадугледжвае пераарыентацыю фінансавых і эканамічных інвестыцый у тыя сферы, якія сапраўды гарантуюць умовы жыцця, годнага чалавецтва на “здаровай” планеце сёння і заўтра”. Усё гэта, на яго думку, мабілізуе да “добрасумленнага разважання пра значэнне нашых спажывецкіх і вытворчых мадэляў, а таксама пра працэсы выхавання і ўсведамлення іх адпаведнасці чалавечай годнасці”.

Чалавецтва, перакананы Францішак, стаіць перад “цывілізацыйным выклікам”, што выражаецца ў “чалавечым абліччы” надзвычайных кліматычных сітуацый. Застаецца акно магчымасцей, і не можна дапусціць яго закрыцця. Трэба скарыстацца гэтай нагодай праз адказныя дзеянні ў эканамічнай, тэхналагічнай, сацыяльнай і адукацыйнай галінах, добра ведаючы, што нашы дзеянні ўзаемазалежныя.

Пантыфік падкрэсліў, што не можна ўскладваць на людзей будучыні праблемы, выкліканыя іх папярэднікамі. Ён заклікаў рабіць усё, каб цяперашняе пакаленне ўспрымалася нашчадкамі, як тое, што ўмела абнаўляцца і дзейнічала сумленна, адказна і мужна.

Канферэнцыя ААН па клімаце будзе працягвацца ў Мадрыдзе да 16 снежня 2019 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 снежня 2019, 14:02