Пошук

Папа падчас св. Імшы для кангалезскай каталіцкай супольнасці Папа падчас св. Імшы для кангалезскай каталіцкай супольнасці 

Пантыфік: спажывальніцтва – вірус, які пагражае веры

1 снежня 2019 г. Пантыфык узначаліў св. Імшу у заірскім абрадзе. Яна была прымеркавана да 25-годдзя каталіцкай капеланскай службы для кангалезцаў, якія пражываюць у Рыме.

Падчас урачыстай літургіі ў ватыканскай базыліцы св. Пятра Францішак маліўся аб міры ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, а таксама нагадаў вернікам пра небяспеку спажывальніцтва.

“Спажывальніцтва – гэта вірус, які атакоўвае веру ў корані, бо прымушае цябе думаць, што жыццё залежыць толькі ад таго, што маеш”, - заўважыў Папа. Ён падкрэсліў, што будучы апанаванымі спажывальніцтвам, людзі забываюць пра Бога і братоў, якія стукаюць у іх дзверы.

Спажывальніцтва робіць сэрца неадчувальным, вядзе да таго, што людзі жывуць матэрыяльнымі дабротамі, але не маюць сэнсу жыцця, у іх “дамах становіцца шмат рэчаў і мала дзяцей”, яны прысвячаюць “шмат часу на забавы, але не маюць часу для Бога і іншых людзей”.

“Калі жывеш дзеля рэчаў, іх ніколі не будзе хапаць. Прагнасць расце, а іншыя становяцца перашкодамі на шляху. У выніку людзі адчуваюць сябе ў небяспецы, пастаянна незадаволенымі і раздражнёнымі, расце ўзровень нянавісці: “Я хачу ўсё больш, усё больш і больш”. Мы бачым гэта там, дзе пануе спажывальніцтва: колькі насілля, нават проста вербальнага, колькі гневу і жадання знайсці ворага любым коштам! У той час, калі свет напаўняецца зброяй, што нясе смерць, мы не заўважаем, што працягваем узбройваць свае сэрцы гневам”, - зазначыў Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў з дапамогай малітвы і чування перамагаць падманлівыя спакусы таго, што матэрыяльныя рэчы могуць зрабіць шчаслівымі. Трэба “не паддавацца асляпляльным агеньчыкам спажывальніцтва, якія будуць ззяць паўсюль на працягу гэтага месяцу, і ведаць, што малітва і любоў, гэта не згублены час”, але “самыя каштоўныя скарбы”, - дадаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 снежня 2019, 12:10