Пантыфік: узровень цывілізаванасці нацыі ў клопаце пра інвалідаў
Францішак адзначыў “вялікі прагрэс, дасягнуты ў адносінах да людзей з інваліднасцю ў сферы медыцыны і апекі”. “Але нават сёння мы бачым наяўнасць культуры адчужэння, і многія з гэтых людзей адчуваюць, што яны існуюць без прыналежнасці і без удзелу”, - дадаў ён. Гэта ўсё заклікае да барацьбы з тым, што перашкаджае ім жыць “поўным грамадзянствам”: тут і адхіленне прадузятасці, і спрыянне даступнасці месцаў, і павышэнне якасці жыцця.
Клопат і суправаджэнне людзей з абмежаванымі магчымасцямі не можна абмяжоўваць выключна да выкарыстання сучасных тэхналогій, патрэбна сіла і пяшчота, інтэграцыя ў грамадзянскае і касцёльнае жыццё. “Гэта патрабавальнае і складанае падарожжа, якое ў большай ступені заключаецца ў садзейнічанні фарміраванню сумлення, здольнага прызнаць унікальнасць і непаўторнасць кожнай асобы”, - адзначыў Папа.
Ён заклікаў не забывацца пра людзей сталага ўзросту, якія, у тым ліку і па прычыне інваліднасці, часам адчуваюць сябе цяжарам, і таму адмаўляюцца ўдзельнічаць у будаўніцтве ўласнай будучыні. “Мы закліканы прызнаць за кожным чалавекам з інваліднасцю, нават з складанай і сур’ёзнай, унікальны ўклад у агульнае дабро праз сваю арыгінальную біяграфію. Прызнаючы годнасць кожнага, трэба разумець, што гэта не залежыць ад функцыянальнасці пяці пачуццяў. Такому навяртанню вучыць нас Евангелле. Трэба распрацаваць антыцелы супраць культуры, якая размяшчае адных у катэгорыі А, а іншых – у катэгорыі B: гэта сацыяльны грэх!”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
“На самой справе, прыняцце добрых законаў і разбурэнне фізічных бар’ераў вельмі важна, але недастаткова, калі не зменіцца мысленне, калі мы не пераадолеем шырокую культуру, якая працягвае ствараць няроўнасць, перашкаджаючы актыўнаму ўдзелу ў звычайным жыцці людзей з абмежаванымі магчымасцямі”, - лічыць Францішак.
Завяршаючы сваё пасланне, Пантыфік заклікаў усіх, хто працуе з няпоўнаспраўнымі, працягваць свае намаганні ў гэтай важнай сферы, якая вызначае ступень цывілізаванасці нацыі.
Сусветны дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі адзначаецца ва ўсім свеце штогод 3 снежня ў адпаведнасці з рэзалюцыяй 47/3 Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 кастрычніка 1992 г. Яго мэта – прасоўванне правоў няпоўнаспраўных ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да іх праблем.