Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Пантыфік: Марыя адлюстроўвае прыгажосць Бога

Браць прыклад з Панны Марыі, наследуючы яе сціпласць і незаўважнасць, - заклікаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 8 снежня 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Сёння мы святкуем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ўпісваецца ў кантэкст Адвэнту, часу чакання: Бог здзейсніць тое, што абяцаў. Але сённяшняе свята абвешчае нам, што нешта ўжо здзейснілася ў жыцці Панны Марыі. Гэтае здзяйсненне мы сёння лічым пачаткам таго, што ажыццявілася яшчэ да нараджэння Маці Пана. Сапраўды, Яе Беззаганнае Зачацце прыводзіць нас да таго дакладнага моманту, у якім жыццё Марыі пачало пульсаваць ва ўлонні яе маці: ужо там была прысутнаю асвячальная любоў Бога, якая захавала Яе ад заражэння злом, якое з’яўляецца агульнай спадчынай чалавечай сям’і.

У сённяшнім Евангеллі гучыць прывітанне Анёла да Марыі: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою” (Лк 1, 28). Бог спрадвеку задумаў і пажадаў, каб Яна прыняла ўдзел у Яго неспасцігальным плане, як поўная ласкі, гэта значыць напоўненая Яго любоў’ю. Але, каб быць напоўненым, трэба вызваліць месца, ачысціць сябе, адыйсці ў бок. Менавіта як зрабіла Марыя, якая ўмела слухаць Божае слова і цалкам давяраць яго волі, прымаючы яго ў сваім жыцці без агаворак да такой ступені, што ў Ёй Слова стала целам. Гэта стала магчымым дзякуючы яе “так”. Анёлу, які пытаецца ў яе ці гатовая стаць маці Езуса, Марыя адказвае: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).

Марыя не губляецца ў разважаннях, не ставіць перашкод Пану, але з гатоўнасцю давяраецца і дазваляе дзейнічаць Святога Духа. Яна адразу дае ў распараджэння Бога ўсю сябе і сваю асабістую гісторыю, каб Слова і Божая воля, змаглі сфармаваць іх і давесці да завяршэння. Такім чынам, дасканала адпавядаючы Божаму плану адносна яе, Марыя становіцца “ўсёй прыгожай”, “уся святая”, але без найменшага намёку на самалюбаванне. Ёсць пакорнаю. Яна з’яўляецца шэдэўрам, але застаючыся сціплай, малой, беднай. У ёй адлюстравана прыгажосць Бога, якая ўяўляе сабой любоў, ласку, дар сябе.

Я таксама хачу падкрэсліць слова, з якім Марыя акрэслівае сваю адданасць Богу: яна прызнае сябе “слугой Пана”. “Так” Марыі, сказанае Богу, прымае з самага пачатку пазіцыю служэння, увагі да патрэбаў іншых. Пра гэта канкрэтна сведчыць факт візіту да Альжбеты, які неадкладна ідзе за Звеставаннем. Адкрытасць на Бога выяўляецца ў гатоўнасці прыняць на сябе патрэбы іншых. Усё гэта без лішняга шуму і нахабства, без пошуку пачэсных месцаў, без рэкламы, таму што любоў і справы міласэрнасці не патрабуюць таго, каб іх выстаўлялі ў якасці трафея. Учынкі міласэрнасці выконваюцца моўчкі, у цішыні, не выхваляючыся. Таксама ў нашых супольнасцях мы пакліканы браць прыклад з Марыі, практыкуючы стыль сціпласці і незаўважнасці.

Няхай свята нашай Маці дапаможа нам перамяніць усё нашае жыццё на “так” Богу, “так”, якое складаецца з пакланеня Яму і з паўсядзённых жэстаў любові і служэння”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і падзяліўся, што вечарам наведае Іспанскую плошчу ў Рыме, каб памаліцца каля размешчанай там скульптуры Панны Марыі, і што таксама адправіцца ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 снежня 2019, 12:39