Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: забарона проціпяхотных мін – перамога над культурай смерці

Проціпяхотныя міны ўвасабляюць фальшывы і штучны падыход да бяспекі, таму важна ліквідаваць рызыку і спакусу новага выкарыстання гэтай хаатычнай і вераломнай зброі, - перакананы Святы Айцец.

Пазіцыю Францішка адносна забароны вытворчасці, распаўсюджвання і выкарыстання проціпяхотных мін пераказаў Дзяржсакратар Яго Святасці, кардынал Пьетра Паралін у пасланні да ўдзельнікаў IV Канферэнцыі па пераглядзе Канвенцыі аб забароне проціпяхотных мін, якая прайшла ў канадскай Атаве.

У дакуменце за подпісам іерарха, між іншым, сцвярджаецца, што Атаўскае пагадненне “азнаменавала перамогу культуры жыцця і міру над культурай страху і смерці”.

“Больш за іншыя віды зброі, проціпяхотныя міны ўвасабляюць канцэпцыю ўспрыняцця іншага чалавека як ворага. У сувязі з гэтым я хачу паўтарыць заклік папы Францішка і настойліва заахвоціць вас адмовіцца ад спакусы глядзець на іншага выключна як на ворага, якога трэба знішчыць, а не як на чалавека з уласцівай яму годнасцю”, - звярнуўся бліжэйшы супрацоўнік Папы да ўдзельнікаў форуму.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што вызначаная міжнароднай супольнасцю мэта канчатковай ліквідацыі да 2025 г. усіх арсеналаў проціпяхотных мін не азначае ўсталявання свету без ахвяр гэтай зброі. Таму дапамога гэтым асобам у працэсе рэабілітацыі, сацыяльна-эканамічнай рэінтэграцыі і іх духоўна-псіхалагічнае суправаджэнне павінны стаць “неад’емным крокам на шляху да мірнага свету”, каб гэтыя асобы не сталі яшчэ і ахвярамі “глабалізацыі абыякавасці ў культуры адкідання”.

Кардынал Паралін адзначыў важнасць набыцця Канвенцыяй універсальнага характару, у сувязі з чым выказаў надзею, што дакумент, у рэшце рэшт, ратыфікуюць усе краіны свету.

Дзяржсакратар Яго Святасці пераказаў захапленне Пантыфіка мужнасцю людзей, задзейнічаных у аперацыях па размініраванні, і ў завяршэнне нагадаў, што такі від узбраення ўвасабляе “фальшывы і штучны падыход да бяспекі”, бо нясе ў сабе “схаваную пагрозу для грамадзянскага насельніцтва”. Таму “вельмі важна ліквідаваць рызыку і спакусу новага выкарыстання гэтай хаатычнай і вераломнай зброі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 снежня 2019, 11:43