Пошук

1576176287675.jpg

Святы Айцец узначаліў урачыстасці Маці Божай Гвадэлупскай

Марыя – гэта вучаніца Хрыста, - звярнуў увагу Францішак 13 снежня 2019 г. падчас св. Імшы ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай. На яе ў базыліку св. Пятра прыйшлі тысячы выхадцаў з Лацінскай Амерыкі.

У кароткай імправізаванай гаміліі Святы Айцец падкрэсліў, што на працягу стагоддзяў народная пабожнасць імкнулася адорваць Марыю ўсё новымі і новымі тытуламі, але ў свядомасці Божага народа яна заўсёды заставалася жанчынай-вучаніцай. Верная свайму Настаўніку, якім з’яўляецца яе Сын, адзіны Адкупіцель, яна ніколі не хацела нічога для сябе. “Яна ніколі не лічыла сябе саадкупіцельніцай, ніколі, была выключна вучаніцай”, - падкрэсліў Папа.

Далей ён адзначыў, што Марыя – гэта Маці нашых народаў, усіх нас, Касцёла, нашага сэрца, нашай душы, але таксама і вобраз Касцёла. Тое, што гаворыцца пра Марыю, можна па-свойму сказаць і пра Касцёл, і пра нашу душу. Мы не можам адмаўляцца ад марыйнага прынцыпу ў падыходзе да рэчаіснасці, - лічыць Пантыфік.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра

На яго думку, калі мы шукаем ролі і месца жанчыны ў Касцёле, ісці па шляху выключна функцыянальнасці – гэта спыняцца напаўдарозе. Асноўная роля Марыі – гэта жанчына і маці, і тут варта чэрпаць натхненне.

Францішак заўважыў, што ў Маці Божай Гвадэлупскай рысы твару метыскі. Паводле яго, гэта сімвалічна – яна “змяшалася” з усім чалавецтвам. Менавіта па гэтай прычыне і мы вобразна пакліканы стаць метысамі – людзьмі, якія не баяцца “змяшацца” з братамі і сёстрамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 снежня 2019, 11:47