Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святочныя цэлебрацыі ў Ватыкане з удзелам Папы

Св. Імша ў ноч Божага Нараджэння, благаслаўленне “Urbi et Orbi”, літургія ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень міру – гэта галоўныя падзеі з удзелам Францішка ў святочны перыяд.

Св. Імша ў ноч Божага Нараджэння пройдзе 24 снежня 2019 г. у ватыканскай базыліцы. Падчас літургіі прагучыць малітва вернікаў на пяці мовах: арабскай, французскай, кітайскай, партугальскай і суахілі. На заканчэнне Эўхарыстыі Папа, у суправаджэнні дзяцей з Італіі, Японіі, Венесуэлы, Кеніі, Уганды, Філіпін і Іраку, пакладзе фігурку Дзіцятка Езуса ў яслі ў базыліцы св. Пятра.

Раніцай наступнага дня, 25 снежня, Францішак звернецца з цэнтральнай лоджыі галоўнага каталіцкага храма са святочным пасланнем і благаслаўленнем “Urbi et Orbi”.

26 снежня, у свята св. Стэфана, першамучаніка, Папа сустрэнецца з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая традыцыйна пройдзе на плошчы св. Пятра. Яшчэ адна сустрэча на марыйнай малітве адбудзецца 29 снежня, у свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа. Вечарам 31 снежня Францішак узначаліць урачыстыя Нешпары, якімі падзякуе Богу за адыходзячы год.

На пачатку новага, 2020 г., Пантыфік будзе цэлебраваць св. Імшы: 1 студзеня – ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень міру; 6 студзеня – ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана і 12 студзеня – ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле; падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту дзецям.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 снежня 2019, 12:22