Святы Айцец: чараўніцтва несумяшчальнае з верай у Хрыста
Святы Айцец распавёў, як дзякуючы Паўлу, каля дванаццаці вучняў з Эфесу атрымалі хрост і перажылі досвед спаслання Святога Духа, Які адрадзіў іх да новага жыцця.
“Шматлікія цуды чыніліся праз апостала: да хворых вярталася здароўе, а апантаныя злымі духамі атрымлівалі вызваленне. Так адбывалася таму, што вучань быў падобны да свайго Настаўніка і нёс Яго, перадаючы братам тое ж новае жыццё, якое сам ад Яго атрымаў”, - падкрэсліў Францішак.
Папа заўважыў, што ў Эфесе магутнасць Бога сарвала маскі з тых, хто хацеў выкарыстоўваць імя Езуса, каб выганяць злых духаў, не маючы для гэтага патрэбнай духоўнай сілы, і паказала слабасць чараўніцтва, ад якога адмовілася вялікая колькасць людзей, выбіраючы Хрыста.
“Гэта было сапраўдным пераваротам для такога горада як Эфес, які быў славутым цэнтрам чараўніцтва! Св. Лука падкрэслівае несумяшчальнасць веры ў Хрыста з такімі практыкамі. Калі выбіраеш Хрыста, не можаш звяртацца да чараўніка: вера – гэта адданне ў рукі Бога, вартага даверу, Які пазнаецца не праз акультныя практыкі, але праз аб’яўленне, дзякуючы бескарыслівай любові”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што распаўсюджванне Евангелля ў Эфесе нанесла ўрон камерцыйнай дзейнасці рамеснікаў, якія рабілі срэбныя святыні Артэміды і добра на гэтым зараблялі. Яны пачалі абвінавачваць хрысціян у зневажанні культу гэтай багіні і ўзбунтавалі супраць іх увесь горад.
Павел пакінуў гэта месца і накіраваўся ў Ерузалем, але па дарозе спыніўся ў Мілеце, куды склікаў старэйшых Касцёла ў Эфесе. Тут ён звярнуўся з развітальнай прамовай, якая стала пэўнага роду “духоўным запаветам апостала” для гэтай супольнасці вернікаў, заклікаючы пастыраў “дбаць пра сябе і ўвесь статак”. Францішак назваў гэты ўрывак адной з самых цудоўных частак кнігі Дзеяў Апосталаў і заклікаў вернікаў перачытаць яго.
“Дбайце пра сябе і ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю”, - так кажа. Ад біскупаў патрабуецца максімальная блізкасць да статка, прыдбанага каштоўнай крывёю Хрыста, і гатоўнасць абараніць яго ад “ваўкоў”. Біскупы павінны быць максімальна блізкімі да народа, каб ахоўваць яго, каб бараніць яго. Не павінны быць аддаляцца ад яго”, - сцвердзіў Папа.
На заканчэнне катэхезы Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца аб умацаванні сваёй любові да Касцёла і скарбу веры, які ён захоўвае” і заставацца суадказнымі за абарону статка, “падтрымліваючы малітвай пастыраў, каб сведчылі сабой рашучасць і ласкавасць Боскага Пастыра”.