Пошук

Папа падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Рымскай курыі Папа падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Рымскай курыі 

Святы Айцец заклікаў Рымскую курыю не баяцца перамен

Папа перакананы, што Рымскай курыі патрэбныя перамены. Гэта дапаможа лепшаму абвяшчэнню Евангелля дэхрысціянізаванаму свету і перамозе над зацвярдзеласцю і страхам.

21 снежня 2019 г. Святы Айцец прыняў на традыцыйнай аўдыенцыі з нагоды Божага Нараджэння членаў Рымскай курыі. У прамове да сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў ён падкрэсліў, што ўрачыстасць Нараджэння Пана з’яўляецца нагодай для прыняцця Божай запаведзі: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго”.

Пантыфік заўважыў, што зараз мы жывём у няпросты час эпахальных перамен. Спасылаючыся на словы св. Генры Ньюмэна, ён падкрэсліў, што перамены павінны, у першую чаргу, тычыцца ўнутранага пераўтварэння.

Гаворачы пра рэформу Рымскай курыі, Францішак падкрэсліў, што яна праводзіцца з павагай да ўсяго добрага, што было ў яе складанай гісторыі. Галоўны крытэрый тут – гэта евангелізацыя, што і будзе адлюстравана ў новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі пад назвай “Praedicate evangelium”.

Пантыфік асаблівым чынам звярнуўся да кіраўніцтва і супрацоўнікаў дыкастэрый, у кампетэнцыі якіх знаходзяцца пытанні евангелізацыі. Дзве з гэтых устаноў – Кангрэгацыя Веравучэння і Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў, – былі заснаваны, калі свет быў падзелены на дзве часткі: хрысціянскі і той, які трэба было евангелізаваць. Зараз, паводле Папы, такое дзяленне ўжо не актуальна: людзі, якія не сустрэліся з Евангеллем, жывуць не толькі за межамі Еўропы, але ўсюды. Гэта тычыцца асабліва вялікіх гарадоў.

“У вялікіх гарадах нам патрэбны іншыя “карты”, іншыя парадыгмы, якія дапамогуць змяніць лад нашага мыслення і дзейнасці: мы больш не жывём у хрысціянскім свеце!”, - падкрэсліў Францішак. Хрысціяне больш не з’яўляюцца адзінымі, першымі і галоўнымі “вытворцамі культуры”, а гэта патрабуе змены душпастырскага мыслення, - дадаў Святы Айцец.

Звяртаючыся да кіраўніцтва Дыкастэрыі па камунікацыі, Папа заўважыў, што неабходна даць адпаведныя адказы на актуальныя выклікі, якія ставіць лічбавая культура. Яна глыбока паўплывала на ўспрыманне часу і прасторы, пазначана развіццём крытычнага пачуцця, аддае перавагу вобразам, а не словам.

Францішак папярэдзіў, што ў ходзе рэформы непазбежнай спакусай з’яўляецца “замкнёнасць у мінулым, нават з выкарыстаннем новых фармуліровак, бо яно больш надзейнае, знаёмае і, вядома, менш канфліктнае”. “Тут трэба быць пільнымі, каб не паддацца спакусе зацвярдзеласці. Яна нараджаецца па прычыне страху перад пераменамі і прыводзіць да сеяння перашкод і бар’ераў на глебе агульнага дабра, ператвараючы яе ў поле, замініраванае некамунікабельнасцю і нянавісцю”, - заўважаў Папа. Ён дадаў, што за зацвярдзеласцю заўсёды стаіць нейкая неўраўнаважанасць.

Святы Айцец падкрэсліў, што Божае Нараджэнне – гэта свята любові Бога да нас. “Гэта Боская любоў натхняе, накіроўвае і карэкціруе перамены, перамагаючы чалавечы страх пакінуць “надзейнае”, каб зноў скіравацца насустрач “таямніцы”, - сказаў Папа на заканчэнне аўдыенцыі для супрацоўнікаў Рымскай курыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 снежня 2019, 13:59