Францішак: Бог збаўляе не моцай свету, але слабасцю крыжа
25 студзеня 2020 г., у свята Навяртання св. Паўла, у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі Пантыфік узначаліў урачыстыя Нешпары з нагоды заканчэння Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян. Па традыцыі, у гэтым набажэнстве прынялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.
Францішак пракаментаваў фрагмент з кнігі Дзеяў Апосталаў, які апавядае пра рызыкоўнае падарожжа ў Рым карабля з вязнямі, сярод якіх быў і святы Павел (Дз 27). На думку Папы, гэты тэкст “расказвае і пра нашае экуменічнае падарожжа ў напрамку еднасці, якой так палка жадае Бог”.
З евангельскага ўрыўка вынікае, па-першае, той факт, што “часта менавіта самыя слабыя нясуць найбольш важнае пасланне паратунку”. “Таму што так спадабалася Богу: збаўляць нас не моцай свету, але слабасцю крыжа (пар. 1 Кар 1, 20-25)”, - заўважыў Папа.
“Таму, як вучні Езуса, мы павінны быць уважлівымі, каб не аказацца прывабленымі мірской логікай, і павінны прыслухоўвацца да малых і бедных, таму што Бог любіць скіроўваць сваё пасланне праз іх – больш падобных да Яго Сына, Які стаўся чалавекам”, - сказаў Святы Айцец.
Па-другое, аповед пра марское падарожжа Паўла нагадвае пра тое, што “Божым прыярытэтам з’яўляецца збаўленне ўсіх”. У якасці пацвярджэння Францішак нагадаў пасланне, з якім у найбольш цяжкую хвіліну да Паўла прыйшоў анёл: “Бог падараваў табе ўсіх, хто плыве з табою”.
“Для нас гэта запрашэнне не прысвячаць сябе выключна нашым супольнасцям, але адкрыцца на ўсеагульнае дабро, на ўсёабдымны позірк Бога, Які ўцелавіўся, каб абняць увесь чалавечы род, памёр і ўваскрос дзеля збаўлення ўсіх. Калі дзякуючы Яго ласцы мы засвоім Яго бачанне, то зможам пераадолець нашыя падзелы”, - выказаў упэўненасць Францішак.
Па-трэцяе, працягнуў ён, з кнігі Дзеяў Апосталаў даведваемся, што жыхары Мальты, дзе ў выніку караблекрушэння апынуўся св. Павел з іншымі вязнямі, былі да іх “надзвычай ласкавыя” (Дз 28, 2), што засяроджвае нашую ўвагу на цэнтральнай тэме сёлетняга Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян – гасціннасці.
“Гасціннасць належыць традыцыі хрысціянскіх супольнасцей і сем’яў. Нашыя продкі сваім прыкладам навучылі нас, што на стале ў хрысціянскай сям’і заўсёды знойдзецца талерка супу для падарожнага сябра або для патрабуючага, што стукае ў дзверы. (...) Давайце не губляць, але наадварот, адраджаць гэтыя звычаі, якія маюць смак Евангелля”, - заклікаў Францішак на заканчэнне свайго экуменічнага разважання.