Папа на “Анёл Панскі”: Бог выбраў нас для святасці
Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Францішка:
“Дарагія браты і сёстры, добры дзень! У гэтую Нядзелю пасля Нараджэння Пана біблійныя чытанні дапамагаюць нам пашырыць свой погляд, каб у поўнай меры ўсвядоміць важнасць нараджэння Езуса.
Пралог Евангелля св. Яна дэманструе нам вечнае Слова, Сына Божага, якое “сталася целам” (Ян 1, 14). Ён не толькі прыйшоў жыць сярод людзей, але і стаў адным з людзей, адным з нас. Пасля гэтай падзеі кірунак нашага жыцця вызначае не толькі закон, структура, але чалавек, Боская асоба, Езус, Які кіруе нашым жыццём і запрашае нас ісці па шляху, які Ён прайшоў першым.
Святы Павел благаславіць Бога за Яго план любові, выкананы ў Езусе Хрысце (Эф 1, 3-6. 15-18). У гэтым плане кожны з нас знаходзіць сваё фундаментальнае пакліканне. Павел тлумачыць, што гэта такое: нам наканавана стаць Божымі дзецьмі праз Езуса Хрыста. Сын Божы стаў чалавекам, каб зрабіць нас, людзей, Божымі дзецьмі. Менавіта таму вечны Сын стаўся целам: каб прывесці нас у сыноўскія адносіны з Айцом.
Апостал Павел дае нам адказ: “(Бог) выбраў нас (...), каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові” (Эф 1, 4). У гэтым сэнс Божана Нараджэння. Калі Пан пастаянна прыходзіць у наша асяроддзе, калі ўвесь час дае нам дар свайго Слова, гэта значыць, што кожны з нас можа адказаць на заклік стаць святым у любові. Святасць – гэта прыналежнасць Богу, зносіны з Ім, празрыстасць Яго бясконцай дабрыні. Святасць ахоўвае дар, які нам даў Бог. Толькі так: ахоўваць бескарыслівасць. Гэта азначае быць святым. Таму кожны, хто ўспрымае святасць як дар ласкі, не можа не ўвасобіць яе ў канкрэтнае дзеянне ў паўсядзённым жыцці. Бо гэтую ласку, дар, які Бог мне даў, ператвараю штодзённа ў канкрэтныя дзеянні, сустракаючыся з іншымі. І гэтая любоў, міласэрнасць да бліжняга, якая з’яўляецца адлюстраваннем любові Бога, адначасова ачышчае наша сэрца і дазваляе нам прабачаць, робячы нас дзень за днём “беззаганнымі”. Але “беззаганнымі” не ў тым сэнсе, што выдаляе нейкую пляму, але, што Бог, дар Божай бескарыслівасці ўваходзіць у нас, а мы заўважаем яго і аддаём іншым.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя дапаможа нам прыняць з радасцю і ўдзячнасцю Боскі план любові, укаранёны ў Езусе Хрысце”, - сказаў Папа.
Завяршаючы сваю нядзельную сустрэчу з вернікамі, Францішак пажадаў добрай нядзелі і папрасіў не забывацца маліцца за яго.