Пошук

2019-01-29-officiali-e-avvocati-del-tribunale-1548756527139.JPG

Папа да Трыбунала Рымскай Роты: абараняйце хрысціянскія сем’і

Касцёлу патрэбны сужэнцы-хрысціяне, падобныя да Аквілы і Прысцылы (Дз 18): прапаведнікі, заўсёды ў руху і ва ўважлівым слуханні Духа Святога, узор блізкасці і бескарыслівасці, перакананы Францішак.

Аб неабходнасці абараняць хрысціянскі шлюб ад сучасных ідэалогій і партыкулярызмаў Пантыфік казаў падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Трыбунала Рымскай Роты. Аўдыенцыя з нагоды ўрачыстага распачацця новага судовага года адбылася 25 студзеня 2020 г. у Клеменційскай зале Апостальскага палаца.

Аквілу і Прысцылу Пантыфік прадставіў як “святы ўзор сужэнскага жыцця”: гэта сапраўдныя евангелізатары, сведкі, здольныя быць закваскай для хрысціянскай веры, “знаўцы палкай любові да Пана і да Евангелля”, якая ўвасаблялася ў канкрэтных жэстах блізкасці да братоў у патрэбе, гасціннасці і клапатлівасці – ва ўсім тым, што Францішак паклаў у аснову рэформы сужэнскага працэсу.

Папа заклікаў прысутных суддзяў і адвакатаў задумацца, наколькі ўласцівы ім праяўленні блізкасці і бескарыслівасці. “Шмат разоў я адчуваў страх перад Божым судом, які мы атрымаем адносна дзвюх гэтых рэчаў. Выносячы прысуд, ці быў я блізкі да сэрца народа? Выносячы прысуд, ці адкрыў я сэрца на бескарыслівасць, або паддаўся камерцыйным інтарэсам? Божы прысуд адносна гэтага будзе вельмі моцным”, - перасцярог Святы Айцец.

Ён выкрыў “элітнае душпастырства, якое забывае пра народ”, і шчыра заахвоціў усіх душпастыраў Касцёла наследаваць Пана, Які “прыйшоў шукаць грэшнікаў, а не дасканалых”, а значыць “слухаць сэрца чалавека”, падтрымліваць у хвіліны духоўнай ночы і самотнасці, хваляванняў і падзенняў.

Францішак нагадаў, што галоўнай дзеючай асобай у суправаджэнні хрысціянскіх сем’яў да святасці заўсёды застаецца Дух Святы, але ад душпастыраў патрабуецца настаўляць іх, абараняць ад небяспечных ідэалогій і партыкулярызмаў.

У сваю чаргу сужэнцы, асабліва ўдзельнікі перадшлюбнага і пасляшлюбнага катэхуменату, павінны быць гатовымі выйсці з саміх сябе, адкрыцца на іншых, жыць блізкасцю, мець стыль сумеснага жыцця, які ператварае любыя адносіны ў братэрства, дадаў Папа.

Ён выказаў перакананне, што парафіі павінны ўвасабляць “юрыдычна-збаўчую тэрыторыю”, дом сярод дамоў, Касцёл бедны для бедных, шэраг сужэнцаў-энтузіястаў, улюбёных ва Ўваскрослага, як Аквіла і Прысцыла, здольных да новай рэвалюцыі ласкавасці і любові, ніколі не насычаных, ніколі не стомленых, ніколі не засяроджаных на саміх сабе.

На заканчэнне сваёй прамовы Францішак заклікаў прысутных і ўсіх “сыноў Касцёла эпохі, у якую жывём”, “адчуваць сябе пакліканымі перадаваць будучыні прыгажосць хрысціянскай сям’і”.

26 студзеня 2020, 11:18