Пошук

09147_29072016 AEM.jpg

Папа пра Халакост: страцім памяць – знішчым будучыню

На неабходнасць памяці для пабудовы будучыні, звярнуў увагу Святы Айцец у сваім паведамленні ў Твітэр, спасылаючыся на 75-годдзе вызвалення вязняў нацысцкага канцлагера Аўшвіц-Біркенау.

“Калі мы страцім памяць – знішчым будучыню. Гадавіна Халакосту, невымоўнай жорсткасці, якая закранула чалавецтва 75 гадоў таму, – гэта заклік спыніцца ў маўчанні і памятаць. Нам гэта патрэбна, каб не стаць абыякавымі”, - напісаў Францішак у сваім профілі ў Твітэр.

“Мы ніколі не павінны забываць пра неймаверныя пакуты, нанесеныя нашым яўрэйскім землякам", - напісаў аўстрыйскі кардынал Крыстаф Шонборн у сваім твітэр-паведамленні з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту. “Нават пасля 75 гадоў застаецца пытанне: як можа адбыцца такое сярод нас? Хрысціяне не могуць быць антысемітамі”, - заўважыў арцыбіскуп Вены.

27 студзеня 1945 г., 75 гадоў таму, салдаты Чырвонай Арміі вызвалілі вязняў нацысцкага лагеру смерці Аўшвіц-Біркенау каля Асвенцыма ў Польшчы. Гітлераўцы і іх памочнікі падчас Другой сусветнай вайны забілі там больш за мільён чалавек. Большасць ахвяр былі яўрэямі.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 студзеня 2020, 11:17