Пошук

Айцец Пітэр Табічы падчас атрымання прэміі "Global teacher prize" Айцец Пітэр Табічы падчас атрымання прэміі "Global teacher prize" 

Папа сустрэўся ў Ватыкане з “лепшым настаўнікам свету”

Кенійскі францішканін, а. Пітэр Табічы, які ў 2019 г. быў абраны лепшым настаўнікамі ў свеце, сустрэўся з Францішкам. Гэта адбылося 8 студзеня 2020 г. у ватыканскай рэзідэнцыі Святога Айца.

“Мяне вельмі натхніла вялікая пакора Папы. Падчас сустрэчы ў Доме св. Марты ў Рыме ён сказаў мне: “Маліся за мяне, браце!”. Я адказаў: “Маліцеся за нас і за ўсіх настаўнікаў”, - падзяліўся каталіцкі манах у “Твітэры”.

36-гадовы а. Табічы – настаўнік матэматыкі і фізікі ў сельскай школе ў Кеніі. Спачатку ён працаваў у прэстыжнай прыватнай школе, але потым вырашыў вучыць дзяцей з бедных сем’яў. Восем гадоў таму ён стаў францішканінам і пачаў аддаваць 80% свайго заробку на дапамогу патрабуючым.

Намаганні законніка дазволілі яго школе стаць лепшай на нацыянальным міжшкольным конкурсе, а 24 сакавіка 2019 г. ён стаў пераможцам Глабальнай настаўніцкай прэміі (Global Teacher Prize), цырымонія ўручэння якой прайшла ў Дубаі. Пітэр Табічы стаў першым афрыканцам, які атрымаў гэту ўзнагароду. Ён быў абраны журы ў складзе 150 чалавек сярод 10 тыс. кандыдатаў з каля 180 краін свету.

“Global Teacher Prize” была заснавана ў 2015 г. бізнесменам індыйскага паходжання Сані Варкі, фундатарам самай буйной на Блізкім Усходзе сеткі прыватных дзіцячых садкоў і школ. Яго дабрачынны фонд уручае прэмію “лепшаму настаўніку свету” з 2015 г. Яе пераможца атрымлівае мільён долараў ЗША. Айцец Табічы вырашыў выдаткаваць грошы на абсталяванне для школы і дапамогу мясцовым жыхарам.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 студзеня 2020, 12:45