Папа: асэнсаваць дар хросту і жыць ім у штодзённасці
Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:
“Яшчэ адзін раз я меў радасць ахрысціць некаторых дзяцей у сённяшняе свята Хросту Пана. Сёлета іх было 32. Будзем маліцца з іх і іх сем’і.
Літургія ў гэтым годзе прадстаўляе нам хрост Езуса ў апавяданні Евангелля св. Мацвея (пар. 3,13-17). Евангеліст апісвае дыялог паміж Езусам, які просіць аб хросце, і Янам Хрысціцелем, які хоча адмовіцца і заўважае: “Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?” (Мц 3,14). Гэта рашэнне Езуса здзівіла Хрысціцеля: сапраўды, Месія не мае патрэбы ў ачышчэнні; гэта Ён ачышчае. Але Бог – Святы, Яго шляхі – не нашы шляхі, а Езус – гэта шлях Бога, непрадказальны шлях. Будзем памятаць, што Бог – гэта Бог сюпрызаў.
Ян абвясціў, што паміж ім і Езусам існуе прорва, якую немагчыма запоўніць. Ён сказаў: “Я няварты несці сандалі Ягоныя” (Мц 3,11). Але Божы Сын прыйшоў менавіта, каб запоўніць гэту прорву паміж чалавекам і Богам. Калі Езус – цалкам на баку Бога, Ён таксама цалкам на баку чалавека, і аднаўляе еднасць паміж тым, што было падзелена. Таму Ён адказаў Яну: “Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва” (Мц 3,15).
Таксама і прарок Ісая абвяшчае справядлівасць Слугі Божага, якая спаўняецца ў Яго місіі ў свеце, адваротна па стылі духу гэтага свету: “Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць, на вуліцы не будзе чутна голасу Яго. Ён не зломіць надломленай трысціны і не пагасіць тлеючага кноту;” (Іс 42,2-3). Такая лагоднасць, якой Езус вучыць праз сваю пакору і лагоднасць, такая прастата, павага, стрыманасць і непрыкметнасць патрабуецца таксама сёння ад вучняў Пана. Сумна казаць, але як шмат вучняў Пана фанабэрацца тым, што з’яўляюцца вучнямі Пана.
Як толькі Езус быў ахрышчаны ў рацэ Ярдане, раскрыліся нябёсы і спусціўся на Яго Святы Дух як голуб, у той час як голас з вышыні прамовіў: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3,17). У свята Хросту Пана мы адкрываем нанова наш хрост. Як Езус з’яўляецца ўмілаваным Сынам Айца, таксама і мы, адроджаныя вадой і Святым Духам, адкрыем, што з’яўляемся ўмілаванымі дзецьмі, аб’ектам упадабання Бога, братамі шматлікіх іншых братоў, уключанымі ў вялікую місію, каб сведчыць і абвяшчаць усім людзям бязмежную любоў Айца. Свята Хросту Пана нагадвае нам пра наш хрост. Таксама і мы былі адроджаныя праз хрост. У хросце Святы Дух прыйшоў, каб застацца ў нас. Таму важна ведаць дату свайго хросту. Мы ведаем дату нашага нараджэння, але не заўсёды ведаем дату нашага хросту. Безумоўна, хтосьці з вас не ведае, таму гэта будзе вашым хатнім заданнем.
Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам усё больш і больш разумець дар хросту і жыць ім з паслядоўнасцю ў штодзённых сітуацыях”.
Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў пілігрымаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў благаслаўленне.