Пошук

basilica-717974.jpg

Пантыфік анансаваў Юбілейны Год у Касцёле

Праз пяць гадоў Каталіцкі Касцёл будзе перажываць Святы Юбілейны Год. Пра гэта паведаміў Францішак 4 лютага 2020 г. у пасланні, прысвечаным 150-годдзю перанясення сталіцы Італіі ў Рым.

“Рым можа і павінен абнавіць сябе ў падвойным сэнсе: застаючыся адкрытым для свету і інклюзіўным для ўсіх. Гэта стымулююць таксама Юбілеі, і 2025 г. ужо не далёкі”, - напісаў Пантыфік.

За апошнія 150 гадоў сталіца Італіі моцна змянілася. З аднастайнага асяроддзя яна ператварылася ў шматнацыянальную супольнасць, дзе разам з каталіцтвам ужываюцца іншыя рэлігіі і нерэлігійныя светапогляды, - напісаў Папа.

Адзначаючы, што Касцёл заўсёды падзяляў радасць і нягоды рымлян, Святы Айцец нагадаў пра тры асаблівыя моманты багатай агульнай гісторыі сталіцы. Па-першае, гэта нацысцкая акупацыя і “жахлівае паляванне” на яўрэяў у 1943 г. Тады Касцёл стаў “сховішчам для пераследаваных”. З гэтых складаных часоў можна атрымаць урок братэрства паміж католікамі і яўрэйскай супольнасцю. Касцёл у Рыме ўяўляе сабой “рэсурс чалавечнасці”, і католікі закліканы з натхненнем і адказнасцю ўдзельнічаць у жыцці сталіцы.

Другі момант, па словах Папы, адносіцца да Другога Ватыканскага Сабора. З 1962 па 1965 гг. Рым стаў для свету ўніверсальным горадам экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу і прымірэння.

Трэці момант, які ўзгадаў Святы Айцец, гэта так званая канферэнцыя аб бедствах Рыма, арганізаваная ў 1974 г. тагачасным кардыналам-вікарыем Уга Палеці. На гэтай сустрэчы ўвага была звернута на бедных і на жыхароў сталічных прыгарадаў, якія і па сённяшні дзень перажываюць пакуты і глыбокую адзіноту.

Аднак варта пазбягаць песімістычнага погляду, падкрэсліў у пасланні Францішак, таму што “Рым – гэта вялікі рэсурс для чалавецтва”, і ён “настолькі будзе спрыяць адзінству і міру ва ўсім свеце, наколькі зможа стаць горадам братэрства”, - перакананы Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 лютага 2020, 10:19