Пантыфік пра эканоміку і “грэшныя” фінансавыя структуры
Форум прайшоў 5 лютага 2020 г. у Папскай акадэміі сацыяльных навук. У сваёй прамове Пантыфік звярнуў увагу на багацце свету і адначасовае павелічэнне колькасці бедных. Ён падзяліўся сумнай статыстыкай: сотні мільёнаў людзей жывуць у стане крайняй галечы, амаль 5 мільёнам дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў сёлета пагражае смерць па прычыне беднасці, каля 260 мільёнаў дзяцей не атрымаюць адукацыі па прычыне адсутнасці рэсурсаў, войнаў і міграцыі. Гэта спрыяе павелічэнню колькасці ахвяр гандлю людзьмі і новых форм рабства, такіх як прымусовая праца, прастытуцыя, гандаль органамі.
Паводле Францішка, такая сітуацыя “павінна быць прычынай не для роспачы, а дзейнасці”, бо “гаворка ідзе пра вырашальныя праблемы, а не пра недахоп рэсурсаў”. “Я паўтараю: мы не асуджаны на паўсюдную няроўнасць”, - сцвердзіў Святы Айцец. Ён заўважыў, што вырашэнню цяжкасцей перашкаджае выключна адсутнасць волі і гатоўнасці змяніць сітуацыю і па-іншаму расставіць прыярытэты.
Францішак перакананы, што прыярытэтам павінна стаць “прасоўванне сацыяльна-эканамічных механізмаў, якія вядуць да гуманізацыі грамадства”, а не апраўданне дзеянняў, якія выключна павышаюць узровень несправядлівасці і сацыяльнага насілля.
Святы Айцец нагадаў пра канцэнтрацыю велізарных багаццяў у руках пяцідзесяці самых багатых людзей планеты, якія маглі б самастойна аплаціць медыцынскую дапамогу і адукацыю кожнага беднага дзіцяці ў свеце, як праз падаткі, так і праз дабрачынныя ініцыятывы. “Гэтыя пяцьдзясят чалавек маглі б штогадова выратоўваць мільёны жыццяў”, - лічыць Папа.
Пантыфік нагадаў пра існаванне “грэшных структур”, паўстанню якіх паспрыяла “глабалізацыя абыякавасці”. Гаворка ідзе пра назапашванне ў афшорных зонах мільярдаў долараў, якія павінны ісці на фінансаванне сфер аховы здароўя і адукацыі; пра выцягванне даўгоў з бедных краін, асуджаючы іх насельніцтва на адсутнасць развіцця, голад і роспач; пра “ваенную індустрыю”, якая служыць падзелам і нясе смерць.
Францішак заклікаў фінансавых лідараў і эканамічных экспертаў, спрыяць устанаўленню глабальных падатковых правіл, інфармаваць аб эканамічнай сітуацыі на планеце, кансультаваць кіраўніцтва краін па выкарыстанні бюджэту. “Вы першыя, хто ведае пра несправядлівасць, што існуе ў нашай сучаснай глабальнай эканоміцы. Давайце працаваць разам, каб пакласці канец гэтай несправядлівасці”, - заклікаў Святы Айцец.