Пантыфік да святароў: глядзець на жыццё ў святле Пасхі
27 лютага 2020 г. у базыліцы св. Яна на Латэране павінна была адбыцца велікапосная сустрэча Францішка са святарамі, але па прычыне “лёгкага недамагання” Папа не змог прыняць удзел у ёй. Зварот Пантыфіка да святароў зачытаў Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс.
Пасланне было прысвечана смутку – “вытанчанаму ворагу, які маскіруецца і хаваецца тысячамі розных спосабаў і як паразіт павольна крадзе радасць паклікання”. Папа заўважыў, што яго прычынамі могуць быць праблемы з верай, з біскупам і братамі ў святарстве.
Францішак прызнаўся, што падрыхтаваў зварот на падставе размоў з многімі святарамі і семінарыстамі. Ён таксама падкрэсліў, што большасць прэзбітэраў, якіх ведае, задаволена сваім жыццём і лічыць узгаданыя цяжкасці часткай звычайнага жыцця, не драматызуе іх.
Гаворачы пра праблемы з верай у жыцці святара, Папа зазначыў, што часта іх прычынай становіцца нерэалізаваная надзея. Ён падкрэсліў, што ў такой сітуацыі надзея, магчыма, была пераблытана з чаканнямі. Спадзявацца, не значыць быць упэўненым, што справы будуць ісці найлепшым чынам, але глядзець на ўсё ў пасхальным святле. Такую надзею трэба ўмацоўваць малітвай.
Пантыфік заўважыў, што сёння хутчэй праблемы ў адносінах з Богам, а не душпастырскія расчараванні, становяцца прычынай глыбокага смутку. Яму можа садзейнічаць нясталасць, якая перашкаджае перайсці ад мар да надзеі.
Францішак заўважыў, што надзея нараджаецца, калі перастаём спадзявацца ва ўсім толькі на сябе, калі перастаём бараніцца і цалкам давяраемся Богу. “Поўнае жыццё, абяцанае Богам падчас пасвячэння, рэалізуецца, калі здзяйсняю Пасху, а не калі ўсё ідзе так, як я кажу”, - сказаў ён.
Гаворачы пра смутак, прычынай якога могуць быць праблемы з біскупам, Папа звярнуў увагу на існаванне сярод пастыраў “пэўнага лёгкага аўтарытарнага ўхілу”, пры якім святар, у сілу пэўных “адметнасцей”, заносіцца да ліку тых, хто вяслуе ў адваротным напрамку, а далучэнне святароў да ініцыятыў становіцца “паказчыкам адзінства”. Гэта сітуацыя, дзе “культ ініцыятыў” замяняе самае галоўнае.
Францішак заўважыў, што вялікай спакусай для пастыра з’яўляецца акружэнне сябе “сваімі”, “блізкімі” асобамі. Кампетэнцыя ў такой сітуацыі падмяняецца лаяльнасцю. Такі пастыр не можа адрозніць паміж тымі, хто стараецца дагадзіць, і тымі, хто бескарысліва дае парады. Ад гэтага пакутуе ўся паства, якая проста з усім згаджаецца, не выказваючы свайго меркавання.
Закранаючы тэму смутку ў адносінах паміж святарамі, Папа нагадаў, што ў апошні час на прэзбітэрат абрынуліся шматлікія скандалы, таму падазронасць зрабіла стасункі больш халоднымі і фармальнымі.
Пантыфік звярнуў увагу на адсутнасць сапраўднай еднасці паміж святарамі, а таксама іх добраахвотную самаізаляцыю адносна гісторыі, калі адчуваюць сябе ўсемагутнымі, і, прыходзячы на новую парафію, не цэняць таго, што было зроблена да іх. “Пачынаем з нуля, бо не адчуваем смаку прыналежнасці да супольнага шляху збаўлення”, - падкрэсліў Папа.
Завяршаючы разважанне, Святы Айцец нагадаў, што Божы народ хоча бачыць у святарах духоўных настаўнікаў, здольных паказаць студню з салодкай вадой пасярод пустыні.