Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: медыцынская сфера патрабуе блізкасці і чалавечнасці

1 лютага 2020 г. Папа прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў сеткі медыцынскіх устаноў “Gruppo Villa Maria” – адной з самых буйных у Італіі. Кампанія адзначае сёлета сваё 40-годдзе.

Святы Айцец заўважыў, што “тэхналагічная эвалюцыя” і змены грамадскага, эканамічнага і палітычнага характару адбіліся на дзейнасці шпіталяў і медыцынскіх структур. Узнікла патрэба ў “новай культуры”, асабліва ў тэхнічнай і маральнай падрыхтоўцы медыцынскіх работнікаў на ўсіх узроўнях.

Папа пажадаў, каб медыцынскія цэнтры заўсёды заставаліся месцамі гасціннасці і суцяшэння, дзе хворыя мелі магчымасць сустрэць сяброўства, разуменне, ветлівасць і любоў, “іншымі словамі – чалавечнасць”. “Хворы – гэта не проста лічба, а чалавек, які мае патрэбу ў чалавечнасці”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік заклікаў выходзіць насустрач хворым у духу служэння, велікадушнасці і спагадлівасці. Ён рэкамендаваў не паддавацца ўплыву “сістэм”, засяроджаных выключна на фінансава-эканамічных складніках, і заклікаў імкнуцца “практыкаваць стыль блізкасці” да пацыентаў, асабліва “у найбольш крытычныя моманты хваробы”.

Папа прыгадаў словы Езуса: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40), і назваў іх “евангельскім фундаментам служэння бліжняму”. “Для тых, хто верыць, людзі, што хварэюць і пакутуюць, становяцца жывым знакам прысутнасці Хрыста, Божага Сына, Які прыйшоў, каб лячыць і аздараўляць, беручы на сябе нашу кволасць, нашу слабасць. Клапаціцца пра брата, які пакутуе, гэта тое ж, што зрабіць месца для Пана”, - заўважыў падчас сустрэчы з работнікамі медыцынскай сферы Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лютага 2020, 14:08