Папа перадаў балгарскай Царкве рэліквіі святых Клемента і Паціта
Цырымонія ўручэння каштоўнага дару Апостальскім нунцыем у краіне, арцыбіскупам Ансэльмам Гвіда Пекарары адбылася 27 лютага 2020 г. у Сафіі з удзелам дэлегацый Каталіцкага Касцёла ў Балгарыі і балгарскага Патрыярха.
Пры гэтым арцыбіскуп Пекарары назваў жэст Святога Айца знакам яго жадання “шукаць і маліцца аб адзінстве хрысціян” і ўзаемапавагі, “якой характарызуюцца адносіны паміж Святым Пасадам і Праваслаўным Патрыярхатам Балгарыі”.
“Рэліквіі св. Клемента, папы, разам з рэліквіямі св. Паціта, вяртаюцца на землі, дзе жылі двое святых мучанікаў, якія сталі сведкамі місійнай справы святых Кірыла і Мятода”, - заўважыў прэлат.
У сваю чаргу, Патрыярх Нэафіт выказаў радасць з нагоды “братэрскага жэсту” Францішка, назваўшы атрыманы дар “вялікім благаслаўленнем”. Ён узгадаў таксама пра перададзеныя раней св. Янам Паўлам II рэліквіі св. Дасія Дарастольскага і Бэнэдыктам XVI – св. Георгія. Прадстаяцель выказаў перакананне, што сведчанне веры хрысціянскіх святых і мучанікаў – гэта выразны доказ добрых стасункаў паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, “якія застануцца і працягнуць развівацца ў спакоі, паразуменні і ўзаемнай павазе”.
Згодна са старажытнай традыцыяй, жыццё св. Клемента і св. Паціта звязана з Сафіяй. Св. Клемент лічыцца першым біскупам балгарскай сталіцы. Яго рэліквіі былі ўрачыста дастаўлены ў Рым святымі Кірылам і Мятодам.
Св. Паціт памёр мучаніцкай смерцю ў часы імператара Антаніна Пія (138-161 гг.) і быў пахаваны ў італьянскім горадзе Трыкарыка. 24 сакавіка 2020 г. яго рэліквіі будуць выстаўлены для ўшанавання ў старажытнай раннехрысціянскай базыліцы св. Сафіі, дзе на гэты дзень запланавана ўрачыстае багаслужэнне, а днём пазней – Боская літургія на чале з Патрыярхам Нэафітам.