Пошук

1580899073386.jpg

Папа: прымаць сваю ўбогасць, каб быць свабоднымі і любіць

Трэба шукаць свабоды сэрца, якая мае карані ва ўбогасці, - падкрэсліў Пантыфік, спасылаючыся на словы Езуса: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5,3).

5 лютага 2020 г., падчас агульнай аўдыенцыі, Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных евангельскім благаслаўленням, якія прагучалі падчас Нагорнага казання Хрыста.

На пачатку ён заклікаў паразважаць над тым, што разумеецца пад словам “убогія”? “Калі б Мацвей выкарыстаў толькі гэта слова, тады б яго значэнне было выключна фінансавым, гэта значыць, гаворка ішла б пра людзей, якія маюць мала ці ўвогуле не маюць сродкаў для ўтрымання і патрабуюць дапамогі іншых”, - зазначыў ён.

Евангелле св. Мацвея, аднак, кажа пра “убогіх духам”. І гаворка ідзе пра людзей, “якія ў глыбіні душы з’яўляюцца, адчуваюць сябе беднымі, жабракамі”. “Езус называе іх шчаслівымі, бо ім належыць Валадарства Нябеснае”, - патлумачыў Францішак.

“Як часта гаворыцца адваротнае! Трэба быць кімсьці ў жыцці. Трэба рабіць сабе імя... Менавіта адсюль нараджаецца самотнасць і адчуванне сябе нешчаслівым: калі я павінен быць “кімсьці”, тады спаборнічаю з іншымі і жыву ў маніякальным клопаце пра сваё эга. Калі не прымаю ўласнай беднасці, пачынаю ненавідзець усё, што нагадвае мне пра маю кволасць, бо гэта перашкаджае мне стаць важным, багатым, славутым...”, - заўважыў Папа.

Францішак нагадаў, што чалавек заўсёды застаецца недасканалым і ўразлівым, але яго жыццё становіцца па-сапраўднаму кепскім, калі ён адмаўляе сваю абмежаванасць. Пыхлівыя асобы не просяць аб дапамозе і прабачэнні, бо павінны “дэманстраваць сваю самадастатковасць”.

Рэпартаж з Залы Паўла VI

“Чаму цяжка прасіць прабачэння? Бо гэта прыніжае наша крывадушнае ўяўленне пра сябе. Жыць, спрабуючы схаваць уласныя недахопы, складана і трывожна. Але Езус Хрыстус кажа: быць убогімі – гэта благаслаўлёная магчымасць. І паказвае нам шлях выйсця з гэтай цяжкасці. Ён даў нам права быць убогімі духам, бо гэта шлях Божага Валадарства”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу, што, як ні парадаксальна, людзям не трэба рабіць захады, каб стаць убогімі духам, бо яны такімі і ёсць. Гэта нармальны чалавечы стан.

“Валадарства Нябеснае належыць убогім духам. Ёсць тыя, хто мае валадарствы гэтага свету: маюць даброты і камфорт. Але такія валадарствы маюць канец. Улада людзей і нават самыя вялікія імперыі адыходзяць і знікаюць. Вельмі часта мы бачым у выпусках навін ці ў газетах моцных і магутных уладароў ці кіраўнікоў, якія яшчэ ўчора былі, а сёння іх няма, яны палі. Багацці гэтага свету прамінаюць, таксама як і грошы. Старажытныя казалі, што ў саване няма кішэняў. Гэта праўда. Я ніколі не бачыў, каб за пахавальным картэжам ехаў фургон, які выкарыстоўваецца для пераезду: ніхто не возьме з сабой нічога. Усе багацці застануцца тут”, - сказаў Папа.

Святы Айцец патлумачыў, што “рэальна валадарыць той, хто здольны любіць сапраўднае дабро больш за самога сябе”, а Езус прадэманстраваў сваю ўладу так, як не маглі гэтага зрабіць зямныя валадары: даў жыццё людзям. “Вось сапраўдная ўлада”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што існуе ўбогасць, якую трэба прыняць і шукаць: гэта ўбогасць адносна рэчаў гэтага свету, якая дае свабоду і здольнасць любіць. “Мы заўсёды павінны шукаць свабоды сэрца, якая мае свае карані ў нашай убогасці”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 лютага 2020, 12:27