Папа ў Папяльцовую сераду: перайсці ад праху да жыцця
Літургіі на пачатак Вялікага посту папярэднічала традыцыйная працэсія, якая пачалася малітвай у рымскім бэнэдыктынскім касцёле св. Анзэльма. Пасля яе Папа разам з кардыналамі, біскупамі, святарамі, законнікамі і свецкімі вернікамі прайшоў да базылікі св. Сабіны, якая знаходзіцца на рымскім пагорку Авенцін, дзе ўзначаліў Эўхарыстыю з абрадам пасыпання галоў попелам.
Францішак зазначыў, што гэты абрад прыгадвае пра шлях чалавека: ад праху да жыцця. “Мы – толькі прах у сусвеце, але прах, умілаваны Богам... Мы каштоўны прах, прызначаны да вечнага жыцця... Мы – прах, зямля, гліна, але калі дазволім, каб нас ляпілі Божыя рукі, станем цудам. Пан нас падбадзёрвае: мы – мізэрныя, але бясконца каштоўныя ў Яго вачах. Будзем адважнымі, мы нарадзіліся, каб быць любімымі, каб быць Божымі дзецьмі”, - нагадаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што Вялікі пост – гэта не час на маралізаванне, а шанс прызнаць нашу каштоўнасць у вачах Бога, злавіць Яго погляд на нас і змяніць жыццё. Пасыпанне галоў попелам нагадвае, што Божыя дзеці не могуць імкнуцца выключна да часовага. Жыццё дзеля рэчаў гэтага свету, грошай, забаў, кар’еры, азначае вяртанне да праху, а мы створаны здзяйсняць Божыя мары і любіць.
, - нагадаў Францішак.
Святы Айцец заўважыў, што абрад пасыпання галоў попелам нагадвае таксама пра іншы шлях: ад жыцця да праху. Ён падкрэсліў, што ў свеце вельмі шмат смяротнага праху: руіны, знішчэнне, войны, непрыняцце жыцця нявінных дзяцей, адрынутыя бедныя і пажылыя людзі.
“Мы працягваем знішчаць сябе, вяртацца да праху! Колькі праху ёсць у нашых адносінах! Зазірнём у нашы дамы, у нашы сем’і: колькі сварак, колькі няздольнасці вырашаць канфлікты, прасіць прабачэння, прабачаць, пачынаць спачатку. У той жа час, з якой лёгкасцю мы выстаўляем прэтэнзіі, патрабуем правоў для сябе. Ёсць вельмі шмат праху, які забруджвае любоў і робіць жорсткім жыццё. Нават у Касцёле, у Божым доме, мы назбіралі шмат праху, праху марнасці”, - адзначыў Папа.
Францішак звярнуў увагу, што Вялікі пост з’яўляецца часам для ачышчэння сэрцаў. Аднак, самі, без дапамогі Хрыста, мы зрабіць гэтага не можам.
Пантыфік запрасіў вернікаў на шляху да Пасхі зрабіць два крокі: перайсці ад праху да жыцця, ад нашай чалавечай слабасці да чалавечнасці Езуса, які нас аздараўляе. А затым, прыняўшы Яго любоў, зрабіць другі крок, патрэбны, каб не перайсці ад жыцця да праху: атрымаць Божае прабачэнне ў сакрамэнце споведзі, каб полымя Божай любові паглынула прах нашага граху.
На заканчэнне гаміліі Пантыфік заклікаў прымірыцца з Панам і з любоўю ў сэрцы крочыць да Пасхі, у якой спазнаем радасць нашага ўваскрашэння з праху.