Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У новай адгартацыі Францішак падзяліўся марамі аб Амазоніі

Адчуць любоў да Амазоніі і ўсвядоміць, што яна з’яўляецца “нашай”, - заклікаў Францішак у сваёй пятай Апостальскай адгартацыі “Querida Amazonia”. Яна была абнародавана 12 лютага 2020 г.

Дакумент з’яўляецца падсумаваннем Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, якая праходзіла з 6 па 27 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане.

У чатырох раздзелах адгартацыі Святы Айцец выразіў свае чатыры мары: каб Амазонія “змагалася за правы самых бедных, карэнных народаў”; каб “бараніла культурнае багацце, якое яе адрознівае”; каб “старанна захоўвала надзвычайную прыродную прыгажосць”; а таксама, каб хрысціянскія супольнасці былі “здольнымі браць на сябе адказнасць і ўцелаўляцца ў Амазоніі”.

Сацыяльная мара

Гаворачы пра першую, “сацыяльную мару”, Папа звярнуў увагу на сітуацыю жыхароў Амазоніі. Ён крытычна выказаўся пра падыход, пры якім гаворыцца пра знікненне прыроднай разнастайнасці рэгіёну, але ігнаруецца лёс мясцовага насельніцтва.

Пантыфік нагадаў пра знішчэнне традыцыйнага арэалу прыжывання карэнных народаў, пра шматлікія формы “несправядлівасці і злачыннасці”, як з боку мясцовых уладаў, так і міжнародных сіл. “Мы не можам дазволіць, каб глабалізацыя стала новай формай каланіялізму”, - сцвердзіў ён.

Паводле Францішка, неабходна ствараць “сеткі салідарнасці і развіцця”, шукаць альтэрнатыўныя і ўстойлівыя формы гаспадарання, крыніцы энергіі, якія не забруджваюць асяроддзе, працоўныя рэсурсы, якія не вядуць да знікнення прыроды і культур.

Культурная мара

У другім раздзеле Папа падзяліўся сваёй “культурнай марай”. Ён заклікаў не дапусціць “культурнай каланізацыі” Амазоніі, але дапамагчы ёй захаваць свае карані і тоеснасць. Жыхары рэгіёна не павінны ўспрымацца як “нецывілізаваныя дзікуны”. Проста іх цывілізацыя і культура іншая і ў мінулым дасягнула значнага развіцця, - нагадаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў да “міжкультурнай сустрэчы”, бо народы Амазоніі могуць навучыць многаму. Адметнасці павінны станавіцца не “межамі” ці “пагрозамі”, а “мастамі”. Пантыфік выказаў занепакоенасць у сувязі са знікненнем цэлых культур і народаў, што шкодзіць усяму чалавечаму, сацыяльнаму і культурнаму багаццю планеты.

Экалагічная мара

Трэці раздзел адгартацыі прысвечаны “экалагічнай мары” Францішка. Ён нагадаў пра непарыўную сувязь паміж чалавекам і прыродай, таму падкрэсліў, што клопат пра братоў, гэта “першая экалогія, у якой мы маем патрэбу”. Папа заклікаў пераадолець “тэхнакратычную і спыжывальніцкую парадыгму”, якая вядзе да знішчэння прыроды.

Паводле Святога Айца, раўнавага на планеце залежыць ад здароўя Амазоніі. Яе жыхары павінны інфармавацца пра праекты, якія іх тычацца, вучыцца “экалагічным звычкам”, а таксама неабходна стварыць “нарматыўныя сістэмы” і “непарушныя рамкі” для захавання рэгіёну.

Касцёльная мара

У апошнім і самым доўгім раздзеле новага дакумента Францішак распавёў пра сваю “касцёльную мару”. Ён заклікаў да “развіцця Касцёла з амазонскім абліччам” пра “моцнае місіянерскае абвяшчэнне”. Паводле слоў Папы, недастаткова несці толькі “сацыяльнае пасланне”, бо народы рэгіёна маюць права пачуць Евангелле. У адваротным выпадку ўсе касцёльныя структуры тут нічым не будуць адрознівацца ад няўрадавых арганізацый, - папярэдзіў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на патрэбу такой інкультурацыі ў рэгіёне, “якая не пагарджае нічым добрым, што ўжо існуе ў амазонскіх культурах, але збірае гэта і даводзіць да паўнаты ў святле Евангелля”. Трэба адрозніваць добрае “зерне ад каласоўніка”, - дадаў ён.

Францішак нагадаў, што індзейскія сімвалы не павінны ўспрымацца выключна ў святле ідалапаклонства, а міфы, напоўненыя духоўным зместам, як “язычніцкія памылкі”. “Некаторыя рэлігійныя святы маюць сакральны змест і з’яўляюцца месцам сустрэчы і братэрства, нават калі патрабуюць павольнага працэсу ачышчэння і сталення”, - дадаў ён.

Папа закрануў пытанне аб інкультурацыі літургіі, нагадваючы, што пра гэта гаворка ішла яшчэ падчас Другога Ватыканскага сабора, але зроблена было мала. Ён нагадаў аб прапанове стварэння “амазонскага абраду”, якая агучвалася падчас Сінода Біскупаў.

Святы Айцец падкрэсліў, што жыхарам Амазоніі павінен быць забяспечаны доступ да сакрамэнтаў і ўдзел у Эўхарыстыі. Паколькі цэлебрацыя св. Імшы з’яўляецца выключнай прэрагатывай святароў, Францішак заклікаў біскупаў, асабліва лацінаамерыканскіх ,“быць больш шчодрымі” і скіроўваць у рэгіён тых, “хто дэманструе місіянерскае пакліканне”. Папа лічыць таксама неабходнай адпаведную фармацыю для такіх святароў.

Пантыфік заклікаў да большага ўдзелу свецкіх вернікаў у дзейнасці мясцовага Касцёла. Ён падкрэсліў, што ў некаторых супольнасцях Амазоніі, у якіх святара не было на працягу дзесяцігоддзяў, вера захавалася толькі дзякуючы “прысутнасці адважных і шчодрых жанчын”, якія хрысцілі, катэхезавалі і вучылі маліцца. Папа заклікаў развіваць новыя формы служэння жанчын, але не “клерыкалізуючы” іх.

Святы Айцец пажадаў, каб дзеля агульнага дабра католікі ў Амазоніі супрацоўнічалі з хрысціянамі іншых канфесій і прадстаўнікамі іншых рэлігій. “Як не змагацца разам? Як не маліцца разам і не працаваць плячо ў плячо, каб бараніць бедных Амазоніі?”, - спытаў ён.

Францішак завяршыў Апостальскую адгартацыю “Querida Amazonia” малітвай да Божай Маці, просячы, каб дом жыхароў Амазоніі не быў знішчаны, а людзі, надзеленыя ўладай, маглі выратаваць тое, што яшчэ жыве.

Відэа-прэзентацыя Апостальскай адгартацыі "Querida Amazonia"
Навіна ў фармаце аўдыё
12 лютага 2020, 12:00