Відэапасланне Папы ў першую гадавіну Дэкларацыі аб братэрстве
Роўна год таму, 4 лютага 2019 г., падчас свайго візіту ў Абу-Дабі, Пантыфік падпісаў гістарычны дакумент разам з Імамам Эль Таебам.
У відэапасланні Святы Айцец прывітаў членаў Вярхоўнага камітэта па ажыццяўленні Дэкларацыі, якія сабраліся ў гэтыя дні ў Абу-Дабі, і падзякаваў тым, “хто дапамагае бедным, хворым, пераследаваным і слабым братам і сёстрам незалежна ад рэлігіі, колеру скуры і расы”. Успамінаючы “вялікую гуманітарную падзею”, якая мела месца год таму, Папа выказаў надзею на “лепшую будучыню для ўсяго чалавецтва”. Ён яе бачыць “свабоднай ад нянавісці, злосці, экстрэмізму і тэрарызму, дзе пераважаюць каштоўнасці міру, любові і братэрства”.
Францішак выказаў удзячнасць Аб’яднаным Арабскім Эміратам за падтрымку работы Вярхоўнага камітэта па ажыццяўленні Дэкларацыі аб чалавечым братэрстве, падзякаваў за стварэнне праекта міжрэлігійнага “Дома Абрагама”, а таксама за заснаванне міжнароднай прэміі за чалавечае братэрства. Гэта ўзнагарода заклікана заахвочваць усе “прыклады цнотаў мужчын і жанчын, якія ў гэтым свеце ўвасабляюць любоў праз свае справы і ахвяру на карысць іншых, незалежна ад рэлігійных, этнічных і культурных адрозненняў”.
У канцы відэапаслання Папа ўзносіць малітвы да “Усемагутнага Бога, каб Ён благаславіў усе намаганні, якія спрыяюць дабру чалавецтва і дапамагаюць нам прасунуцца на крок наперад на шляху братэрства”.