Пошук

“Credo” Францішка: Бог ніколі не пазбаўляе свабоды

“Каб дапамагчы чалавеку вырасці, трэба дапамагаць яму развівацца ў свабодзе, а каб быць свабодным, патрэбна здольнасць рызыкаваць”, - лічыць Папа.

Сваім меркаваннем ён падзяліўся ў праграме “Веру” (Io Credo) на тэлеканале італьянскага епіскапату TV2000. 16 сакавіка 2020 г. выйдзе чарговы, ужо пяты, выпуск праекта з удзелам Францішка, прысвечанага разважанню на тэму “Апостальскага сімвала веры”.

У інтэрв’ю для вядучага праграмы кс. Марка Поца Пантыфік заўважае: “Каб стварыць адзінства ў сям’і, неаднойчы трэба стаць “блудным сынам”. “Я не хачу сказаць, што каб быць добрым хрысціянінам, - патлумачыў Папа, - трэба грашыць: не. (...) Але Бог, Які любіць нас, нават самых святых, – я маю на ўвазе, напрыклад, маю “сяброўку” Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса – не пазбавіў свабоды: яна магла зграшыць. Самых святых Ён ніколі не пазбаўляў сваёй свабоды. Каб быць добрым хрысціянінам, трэба рызыкаваць, а рызыкаваць – значыць ісці наперад; не толькі людзі рызыкуюць, але і ўстановы”, - агучыў свае думкі Пантыфік.

Фрагмент праграмы “Веру” ужо можна паглядзець на Youtube.

“Касцёл у сваёй душпастырскай дзейнасці шматразова ідзе на невялікую рызыку, аналізуе, а потым вяртаецца, ідзе на пошукі касцёльнай супольнасці”, - адзначыў Францішак, акрэсліваючы гэту з’яву як “намацванне”.

Першы выпуск “Credo” выйшаў у эфір 17 лютага 2020 г. Увесь цыкл складаецца з васьмі праграм, якія, у сваю чаргу, замыкаюць своеасаблівую тэлетрылогію на тэму галоўных хрысціянскіх малітваў, распачатую яшчэ ў 2017 г. У рамках праекта Францішак раней прааналізаваў “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 сакавіка 2020, 12:15