“Credo” Францішка: каб быць прабачаным, трэба прабачаць самому
Пра ласку прабачэння Святы Айцец разважае ў шостым выпуску праграмы “Веру” (Io Credo), прысвечанай разважанню на тэму “Апостальскага сімвала веры”. Праграма выйдзе на тэлеканале італьянскага епіскапату TV2000 23 сакавіка 2020 г., але яе фрагмент ужо можна паглядзець на Youtube.
У размове з вядучым, кс. Марка Поца, Пантыфік нагадаў словы галоўнай хрысціянскай малітвы: “Прабач нам грахі нашыя, як і мы прабачаем вінаватым нашым…”, і падкрэсліў, што яны ўтрымліваюць “падвойную ўмову”. Таму калі мы ствараем падзел унутры сябе і з аднаго боку просім у Бога прабачэння, а з другога – не ўмеем прабачаць, то такім чынам “зняслаўліваем Божае прабачэнне адносна сябе”.
, - сказаў Святы Айцец.
Акрамя таго, Францішак прызнаўся, што многа моліцца за палітыкаў, “таму што гэта людзі, якія павінны штодня змагацца за паспяховы рух краін наперад, маючы вялікую колькасць спакус”.
“Мы абавязаны дапамагаць ім малітвамі, таму што яны павінны абараняць краіны, нацыі, весці народ наперад, дапамагаць яму ўзрастаць, прыносіць плён, быць шчаслівым (…). Задумаемся над словамі Паўла VI: “Палітыка – гэта найвышэйшая форма любові”. Значыць, трэба маліцца, каб яны маглі ўносіць гэтую любоў у развіццё сваіх народаў”, - адзначыў Францішак.
Першы выпуск “Credo” выйшаў у эфір 17 лютага 2020 г. Увесь цыкл складаецца з васьмі праграм, якія, у сваю чаргу, замыкаюць тэлетрылогію на тэму галоўных хрысціянскіх малітваў, распачатую Францішкам яшчэ ў 2017 г. Раней ён ужо прааналізаваў “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.