Пошук

bulgaria-vatican-religion-christianity-pope-d-1557063839291.jpg

Францішак даручыў увесь свет апецы Багародзіцы

Папа далучыўся да малітвы аб выздараўленні хворых на каронавірус і даручыў увесь свет матчынай апецы Багародзіцы. Ён скіраваў адмысловы малітоўны відэазварот.

11 сакавіка 2020 г. у Рымскай дыяцэзіі праходзіў Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі хворых на каронавірус. З гэтай нагоды ў санктуарыі Маці Боскай любові адбылася св. Імша, якую цэлебраваў Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс. Яна праходзіла без удзелу вернікаў, але трансліравала ў прамым эфіры тэлеканалу італьянскага епіскапату TV2000.

Літургіі папярэднічаў кароткі відэазварот Святога Айца, у якім ён скіраваў малітву да Маці Божай, даручаючы яе апецы увесь свет у гэты цяжкі перыяд барацьбы з пандэміяй.

“Марыя, ты заўсёды ззяеш на нашым шляху як знак збаўлення і надзеі. Мы давяраемся Табе, Аздараўленне хворых, памятаючы, як пад крыжам Ты з’ядналася з болем Езуса, захоўваючы моцнай сваю веру. Ты, Збаўленне рымскага народа, ведаеш пра нашыя патрэбы, і мы ўпэўнены, што паклапоцішся пра ўсё як у Кане Галілейскай, каб радасць і святло вярнуліся пасля гэтага часу выпрабаванняў. Дапамажы нам, о Маці Боскай любові, выконваць волю Нябеснага Айца і рабіць тое, што нам скажа Езус, Які ўзяў на Сябе нашыя пакуты і ўсклаў на Сябе наш боль, каб праз крыж прывесці нас да радасці ўваскрашэння. Амэн”, - маліўся Папа.

У перыяд барацьбы з каронавірусам св. Імша з рымскага санктуарыя Маці Боскай любові трансліруецца штодзённа ў 19.00. Акрамя таго, Рымская дыяцэзія пачала надзвычайны збор ахвяраванняў на падтрымку медыцынскіх работнікаў.

Відэазварот Святога Айца
Навіна ў фармаце аўдыё
12 сакавіка 2020, 13:31