Пошук

Супрацьстаянне пандэміі: відэапасланне Святога Айца

Францішак удзеліць спецыяльнае благаслаўленне “Urbi et Orbi”, якое ўвянчае малітву аб выбаўленні ад пандэміі. Папа заклікаў да экуменічнага яднання перад абліччам сітуацыі, у якой апынуўся свет.

24 сакавіка было распаўсюджана адмысловае відэа Пантыфіка, у якім ён моліцца марыйным зваротам “Тваёй абароне” за хворых і людзей, якія пакутуюць. “Дзякую ўсім хрысціянам, усім мужчынам і жанчынам добрай волі, якія аб’яднана моляцца ў гэты момант, незалежна ад рэлігійнай традыцыі, да якой належаць”, - сказаў ён у пасланні. Відэазварот стаў першай з трох папскіх малітоўных ініцыятыў гэтага тыдня, звязаных з супрацьстаяннем пандэміі.

25 сакавіка, у Звеставанне Найсвяцейшай Панны Марыі, дакладна апоўдні, Папа запрашае ўсіх разам прамовіць „Ойча наш“. “У гэтыя выпрабавальныя дні, калі чалавецтва дрыжыць ад пагрозы пандэміі, я хачу запрасіць усіх хрысціян аб’яднаць свае галасы, звяртаючыся да Нябёсаў. Я запрашаю ўсіх кіраўнікоў Цэркваў і старшыняў усіх хрысціянскіх супольнасцей, разам з усімі хрысціянамі розных канфесій, упрошваць Найвышэйшага Усемагутнага Бога, прамаўляючы адначасова малітву, якой навучыў нас Езус, наш Пан”, - сказаў Пантыфік 22 сакавіка 2020 г. падчас “Анёл Панскі”. “Адкажам на пандэмію віруса ўсеагульнай малітвай!”, - заклікаў ён.

Таксама Святы Айцец абвясціў адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў пятніцу 27 сакавіка. У 18.00 ён узначаліць набажэнства на дзядзінцы базылікі св. Пятра, пры пустой плошчы, на завяршэнне якога ўдзеліць благаслаўленне “Urbi et Orbi”, з магчымасцю атрымаць поўны адпуст. За трансляцыяй можна будзе сачыць на нашым сайце Vatican News.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 сакавіка 2020, 14:21