Пошук

1583926048007.JPG

Святы Айцец: перажываць пандэмію з пакаяннем, спагадай і надзеяй

“Зможам выйсці з гэтай сітуацыі толькі разам”: Францішак даў інтэрв’ю італьянскай газеце “La Stampa”, у якім заклікаў чалавецтва яднацца ў духу салідарнасці перад абліччам каранавіруса.

Па словах Святога Айца, перыяд пандэміі трэба перажыць “з пакаяннем, спагадай і надзеяй”. “А таксама з пакорай, бо часта мы забываем, што ў жыцці ёсць цёмныя зоны, змрочныя моманты. Мы думаем, што яны могуць здарыцца толькі з кімсьці іншым. Аднак гэты час – змрочны для ўсіх, ніхто не выключаны. (…) Ніхто не можа дазволіць сабе заставацца спакойным, усе раздзяляюць гэтыя цяжкія дні”, - дадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што час Вялікага Посту вучыць салідарнасці ў адносінах да іншых людзей, асабліва да тых, хто пакутуе, а малітва дапамагае ўсвядоміць уласную ўразлівасць. Францішак узгадаў евангельскую гісторыю пра суцішэнне буры на Галілейскім возеры і адзначыў, што ў складанай, роспачнай сітуацыі важна ведаць, “што ёсць Пан, за Якога можна ўхапіцца”.

Папа падкрэсліў, што не робіць размежаванняў паміж веруючымі і няверуючымі, заўважыўшы, што ўсе мы “знаходзімся ў адным чаўне”. “Нам дапамагае сінергія, ўзаемнае супрацоўніцтва, пачуццё адказнасці і дух ахвярнасці”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец падзякаваў усім тым медыкам, медсёстрам і валанцёрам, якія, “нягледзячы на надзвычайную стомленасць, цярпліва і добразычліва схіляюцца” над хворымі ў апошнія хвіліны іх жыцця, каб згладзіць “вымушаную адсутнасць родных”, бо інакш “боль тых, хто адыходзіць у вечнасць, не развітаўшыся, становіцца ранай на сэрцах тых, хто застаецца”.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 сакавіка 2020, 12:48