Святы Айцец абвясціў дзве малітоўныя ініцыятывы
“У гэтыя выпрабавальныя дні, калі чалавецтва дрыжыць ад пагрозы пандэміі, я хачу запрасіць усіх хрысціянаў аб’яднаць свае галасы, звяртаючыся да нябёсаў. Я запрашаю ўсіх кіраўнікоў цэркваў і старшыняў усіх хрысціянскіх супольнасцей, разам з усімі хрысціянамі розных канфесій, упрошваць Усявышняга, Усемагутнага Бога, адгаворваючы адначасова малітву, якую навучыў нас Езус, наш Пан. Запрашаю ўсіх рабіць гэта шмат разоў на працягу дня, але і разам сказаць "Ойча наш" у наступную сераду, 25 сакавіка, апоўдні. У гэты дзень, калі многія хрысціяне адзначаюць Звеставанне Найсвяцейшай Панны Марыі, Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына, няхай Пан пачуе аднадушную малітву ўсіх сваіх вучняў, якія рыхтуюцца святкаваць перамогу Уваскрослага Хрыста", сказаў Пантыфік.
Далей Папа сказаў, што “ў тым самым намеры” у пятніцу, 27 сакавіка, у 18 гадзін ён будзе старшынстваваць малітве перад базылікай Святога Пятра. Пустой плошчы. “Ужо сёння запрашаю ўсіх духоўна прыняць у ёй удзел праз сродкі масавай інфармацыі. Выслухаем Слова Божае, узнімем нашы упрошванні, памолімся ля Найсвяцейшага Сакрамэнту, з якім у канцы ўдзяляю благаслаўленне “Urbi et Orbi”, падчас якога будзе магчыма атрымаць поўны адпуст.
На пандэмію віруса мы хочам адказаць універсальнай малітвай, спачування і пяшчоты. Будзем аб’яднанымі. Пакажам нашу блізкасць да самотных і самых выпрабаваных людзей”, - сказаў Францішак.
На канец Папа выказаў сваю салідарнасць з харвацкім народам, які 22 сакавіка, раніцай, пацярпеў ад землятрусу.