Пошук

Лагатып ААН. Ілюстрацыйнае фота Лагатып ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад крытычна пра новы даклад ААН аб свабодзе рэлігіі

Не існуе правоў, менш важных за іншыя, - падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў структурах ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч назваў “непрымальнымі і абразлівымі” некаторыя рэкамендацыі, якія ўтрымліваюцца ў Дакладзе ААН аб свабодзе рэлігіі або веравызнання. Дакумент быў прадстаўлены 2 сакавіка 2020 г. на 43-й сесіі Савета па правах чалавека.

Ватыканскі дыпламат выказаў вялікую занепакоенасць у сувязі з існаваннем у дакуменце шматлікіх спасылак, якія прадстаўляюць “свабоду рэлігіі, веравызнання і сумлення” другаснай у параўнанні з іншымі “так званымі правамі чалавека”, асабліва тымі, якія выражаюць “свайго роду “ідэалагічную каланізацыю” з боку некаторых краін і міжнародных арганізацый. З гэтага пункту гледжання Даклад уяўляе сабой, “прынамсі часткова, напад на свабоду рэлігіі, веравызнання і сумлення”.

Прадстаўнік Святога Пасаду падзяліўся ўражаннем, што “дакумент сканцэнтраваны на прасоўванні ўяўлення аб грамадстве, якое не падзяляецца ўсімі і не адлюстроўвае грамадскай, культурнай і рэлігійнай рэчаіснасці многіх народаў”. У прыватнасці, у ім не ўдзелена належная ўвага праблеме абароны людзей розных веравызнанняў, якія падвяргаюцца пераследу і дыскрымінацыі.

Арцыбіскуп Юркавіч нагадаў, што 4 лютага 2019 г. папа Францішак і імам Аль-Азхар Ахмед Эль Таеб падпісалі сумесную Дэкларацыю аб братэрстве, у якой утрымліваецца заклік да сусветных лідараў, супрацоўнічаць на карысць пашырэння культуры цярпімасці і мірнага суіснавання. Нягледзячы на гэта, у Дакладзе ААН няма ніводнай спасылкі на намаганні, якія былі зроблены рэлігійнымі лідарамі па спыненні кровапраліцця і войнаў.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі выказаў расчараванне і здзіўленне тым фактам, што даклад ААН – арганізацыі, якая павінна ахоўваць фундаментальнае і паўсюднае права чалавека на свабоду рэлігіі, веравызнання і сумлення, – насамрэч з’яўляецца нападам на гэта права.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 сакавіка 2020, 11:35