Пошук

1585328855047.JPG

Urbi et Orbi Святога Айца: з Богам жыццё ніколі не памірае

“Давайце запросім Езуса ў лодкі нашых жыццяў. Перакажам Яму нашыя страхі, каб Ён перамог іх”, - заклікаў Папа ўсіх людзей падчас адмысловага набажэнства аб выбаўленні свету ад каронавіруса.

Малітва адбылася 27 сакавіка ў 18.00 у двары ватыканскай базылікі святога Пятра. Дзякуючы прамой трансляцыі па тэлебачанні і анлайн да ўдзелу ў набажэнстве маглі далучыцца ўсе жадаючыя вернікі і людзі добрай волі.

У пачатку набажэнства быў зачытаны евангельскі ўрывак пра суцішэнне буры (Мк 4, 35-41). Каментуючы яго, Святы Айцец заўважыў, што ў гэтай сцэне сёння мы можам лёгка пазнаць сябе.

“Як апосталаў з Евангелля, нас застала неспадзеўкі нечаканая, раз’юшаная бура. Мы ўсвядомілі, што знаходзімся ў адной лодцы, усе ўразлівыя і дэзарыентаваныя, але адначасова важныя і патрэбныя, пакліканыя веславаць разам, патрабуючыя ўзаемнага суцяшэння”, - сказаў Францішак.

Аднак чаму Езус працягваў спакойна спаць на карме – “на той частцы лодкі, якая тоне першай”? У чым недахоп веры Хрыстовых вучняў? У тым, перакананы Папа, што яны вырашылі, нібы Езус абыякавы да іх. Іх зварот – “Не хвалюе Цябе, што мы гінем?” (Мк 4, 38) – узрушыў Хрыста, “бо ні для каго мы не з’яўляемся настолькі важнымі, як для Яго”.

“Бура выкрывае нашую ўразлівасць і выяўляе тую ілжывую і павярхоўную ўпэўненасць, з якой мы пабудавалі нашыя справы, нашыя праекты, нашыя звычкі і прыярытэты. Яна дэманструе, што мы дазволілі сабе заснуць і пакінуць тое, што нас жывіць, падтрымлівае і дае моц нашаму жыццю і нашай супольнасці”

, - сказаў Папа.

“З бурай выкрыўся падман тых стэрэатыпаў, якімі мы, заўсёды занепакоеныя ўласным выглядам, прыкрывалі нашае “эга”; і адкрылася, у чарговы раз, тая (благаслаўлёная) агульная прыналежнасць, якой не можам пазбавіцца: братняя прыналежнасць”, - дадаў Францішак.

“Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?”. Пане, тваё Слова сёння кранае нас і датычыць нас усіх. У гэтым свеце, які Ты любіш больш за нас, мы пайшлі наперад на ўсёй хуткасці, адчуваючы сябе моцнымі і здольнымі ва ўсім. Прагныя да заробку, мы дазволілі, каб нас паглынулі рэчы і каб спешка звяла нас. Мы не спыніліся перад Тваімі заклікамі, не абудзіліся перад абліччам сусветных войнаў і несправядлівасці, не паслухалі крык бедных і нашай цяжкахворай планеты. Абыякавыя, мы пайшлі далей, думаючы, што застанёмся заўсёды здаровымі ў хворым свеце. Цяпер, апынуўшыся ў бурным моры, заклікаем Цябе: “Абудзіся, Пане!”, - вызнаў Пантыфік.

Ён заўважыў, што менавіта ў часы выпрабаванняў выяўляецца ўзровень развіцця народаў, і выказаў захапленне ўсімі тымі людзьмі, якія штодня жывуць цярплівасцю і надзеяй, заклікаючы да ўзаемнай адказнасці.

Пры гэтым Папа заахвоціў усіх запрасіць Езуса ў сваё жыццё, бо “з Богам жыццё ніколі не памірае”. Святы Айцец запэўніў, што ў Богу маем якар, штурвал і надзею. “Абняць Яго крыж – значыць, знайсці мужнасць, каб ахапіць усе супярэчнасці цяперашняга часу, на пэўны момант пакінуўшы нашую заклапочанасць усемагутнасцю і валоданнем, каб даць месца крэатыўнасці, якую толькі Дух Святы можа выклікаць. Гэта значыць, знайсці мужнасць, каб адкрыць прасторы, дзе ўсе змогуць адчуць сябе пакліканымі і зрабіць магчымымі новыя формы гасціннасці, братэрства і салідарнасці”, - сказаў Пантыфік.

Ён праз заступніцтва Марыі даручыў усіх людзей Богу, просячы аб здароўі цела і суцяшэнні сэрца: “Пане, не пакідай нас на самавольства буры. Паўтары яшчэ раз: “Не бойцеся” (Мц 28,5). А мы, разам з Пятром, усялякі свой клопат ускладзём на Цябе, бо Ты клапоцішся пра нас (пар. 1 П 5,7)”.

На заканчэнне набажэнства Святы Айцец удзяліў надзвычайнае благаслаўленне Urbi et orbi (Гораду і свету) з магчымасцю атрымання поўнага адпусту.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 сакавіка 2020, 18:23